Зміцер Лупач: У Глыбокім я, напэўна, першы палітвязень

Глыбоцкі журналіст-фрылансер Зміцер Лупач распавёў сайту palitviazni.info пра свой першы адміністрацыйны арышт і магчымы далейшы пераслед.

“Я лічу, што гэта толькі пачатак рэпрэсій у звязку з тым, што распачалася прэзідэнцкая кампанія”, – мяркуе Зміцер Лупач.

11 мая Зміцер Лупач рашэннем суда Глыбоцкага раёну за “парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах” і “незаконны выраб або распаўсюд прадукцыі СМІ” быў аштрафаваны і арыштаваны на 10 сутак.

“Суткі” журналіст атрымаў быццам бы за тое, што 31 сакавіка прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні, падчас якога нібыта выказаў для ютуб-каналу «Страна для жизни» сваё стаўленне да дзеючай улады.

“Я ж адразу пасля суда патрапіў у бальніцу, але пасля гэтага адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, – кажа Зміцер Лупач. – Шчыра кажучы, умовы ўтрымання былі не самыя горшыя, хаця для мяне гэта быў першы досвед у жыцці, калі накіравалі ў ізалятар.

Дарэчы, мае сябры палічылі, што я, відаць, у Глыбокім наогул першы палітвязень за часы праўлення Лукашэнкі. Першы чалавек, якога адправілі на “суткі” па палітычнай справе”.

Журналіст адзначае, што, нягледзячы на тое, што ізалятар часовага ўтрымання – не санаторый, стаўленне да яго было нармальнае.

“Вядома, што мне ніякіх выключэнняў не рабілі, абшуквалі камеры штодзень, як і ва ўсіх астатніх, – працягвае Зміцер Лупач. – Але адмыслова не прэсавалі. Выпускалі на прагулкі нават на тры гадзіны, бо ведалі, што сэнсу некуды збегчы ў мяне няма.

У камеры ў першыя трое сутак адзін сядзеў, а затым, то ўдвух, то ўтрох. Публіка, натуральна, розная, у асноўным, як кажуць, асацыяльныя элементы”.

Журналіст мяркуе, што пераслед можа працягнуца.

“Не выключаю, што ізноў могуць адправіць на суткі, – кажа Зміцер Лупач. – Я лічу, што гэта толькі пачатак рэпрэсій у звязку з тым, што распачалася прэзідэнцкая кампанія”.

palitviazni.info

Фота: racyja.com

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аксана Новікава
  • Зьміцер Ус
  • Міхась Крываў