Калі наступным разам “закрыюць” блогера Сяргея Ціханоўскага?

Былы палітвязень Мікола Дзядок разважае пра тое, чаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму пакінулі суткі адміністрацыйнага арышту “пра запас”.

Тым часам, пакуль што блогер разам са сваёй жонкай збіраюць тысячы людзей.

Нагадаем, што ў мінулую нядзелю ў Мінску ля Камароўкі за Святлану Ціханоўскую, жонку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, падпісаліся каля трох тысяч чалавек. Чарга жадаючых паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі расцягнулася на некалькі соцень метраў.

20 мая Сяргея Ціханоўскага нечакана выпусцілі з ІЧУ на волю. Ён быў затрыманы 6 мая і адбываў пакаранне ў Гомельскім ізалятары часовага ўтрымання.

18 мая стала вядома пра чарговыя 30 сутак, прысуджаныя блогеру за сустрэчы з людзьмі ў Оршы і Брэсце.

На наступны дзень за сустрэчы з людзьмі ў Салігорску і Мёрах ён атрымаў яшчэ 15 сутак арышту за арганізацыю “несанкцыянаваных сходаў”. На яго склалі яшчэ 7 адміністрацыйных пратаколаў.

“Раптоўнае вызваленне Ціханоўскага паказвае, што галоўнай мэтай затрымання было не даць яму зарэгістравацца ў якасці кандыдата, – выказаўся на сваёй старонцы ў Фэйсбук Мікола Дзядок. – Па вялікім рахунку, можна было знайсці тысячу іншых спосабаў не зарэгістраваць блогера, але ўлады абралі, як ім думаецца, “найбольш элегантны”, які б знешне адпавядаў закону”.

Мікола Дзядок мяркуе, што Ціханоўскага не пакінулі сядзець усе 45 сутак, каб не гераізаваць яго і не павышаць аўтарытэт.

“Так склалася, што ў беларускай палітыцы працяглая адсідка спрыяе масаваму прызнанню і спагадзе, – адзначае ён. – Чым больш ты адсядзеў, тым большая табе павага. Ведаючы гэта, улады вырашылі не ствараць Ціханоўскаму арэол пакутніка.

Аднак адправіць яго на “суткі” могуць у любы момант, бо пакаранне засталося. Будуць глядзець на далейшае паводзіны і на актыўнасць. Пакуль што гэта проста знак у ягоны адрас.

Але калі прыгледзецца больш уважліва, то становіцца відавочным, што ўлады гатовыя змірыцца нават з самай масавай інтэрнэт-падтрымкай, але будуць дзейнічаць вельмі жорстка, калі гэтая падтрымка выліваецца на вуліцы”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Мікола Астрэйка
  • Алесь Кіркевіч