Гары Паганяйла: Ціханоўскага будуць прэсаваць да канца выбарчай кампаніі

 

18 мая стала вядома, што блогер Сяргей Ціханоўскі, які заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, правядзе за кратамі як мінімум месяц.

“Такі варыянт трэба было прагназаваць, – распавёў сайту palitviazni.info юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла. – Відавочна, што ціск на блогера працягнецца і надалей…”

18 мая суд Савецкага раёна Гомеля 18 мая асудзіў блогера Сяргея Ціханоўскага яшчэ на 15 сутак арышту. Пры тым, што ў гэты час блогер адбывае яшчэ адзін 15-сутачны адміністрацыйны арышт.

Такім чынам, затрымалі Ціханоўскага 5 мая пад Магілевам, а выйдзе на волю ён толькі 5 чэрвеня.

– Магу сказаць, што для сёняшняй улады і ў сёняшніх умовах праца з грамадствам у Інтэрнэце аказалася вельмі эфектыўнай, – кажа Гары Паганяйла. – І блогеры, якія крытыкуюць цяперашнюю уладу, аказаліся запатрабаваныя, іх інфармацыя цікавая людзям. Яна шырока і хутка распаўсюджваецца ў Інтэрнэце, і рэжым зразумеў, наколькі гэта небяспечна.

Калі яны сутыкнуліся з рэальнай практыкай, гэта толькі ўмацавала іх разуменне, што з блогерамі і актывістамі ў сацыяльных сетках патрэбна вельмі жорстка змагацца. А напярэдадані прэзідэнцкай кампаніі гэта праявілася ўдвая.

– Улада баіцца актыўнасці грамадства ў перыяд гэтай кампаніі?

– Безумоўна. Баіцца нават інфармацыйнай актыўнасці, дзе народам вельмі крытычна асэнсоўваецца і ацэньваецца дзейнасць сёняшніх уладаў. У тым плане, як зараз праходзіць барацьба з каранавірусам, як на вачах руйнуецца эканоміка…

У такіх умовах ва ўладаў няма іншых інструментаў, як толькі душыць практычна ўсіх сваіх актыўных праціўнікаў.

– Ціск і рэпрэсіі працягнуцца на працягу ўсёй выбарчай кампаніі?

– Так, і таму ж Сяргею Ціханоўскаму трэба было да гэтага быць падрыхтаваным. Варыянт арыштаў яму трэба было прагназаваць.

Я не выключаю нават сітуацыю, калі ўлады задзйнічаюць нават сучасныя тэхнічныя сродкі, каб блакаваць Інтэрнэт і асобных блогераў. Могуць дзейнічаць ціха, не прыцягваючы ўвагу нейкімі афіцыйнымі заявамі ці рашэннямі да гэтай праблемы.

А такія пасадкі актывістаў і журналістаў на “суткі” носяць зараз не толькі прэвентыўны характар. Улады хочуць стварыць у грамадстве на перыяд кампаніі атмасферу страха. Паказваюць, што нават за свае выказванні на камеру чалавек можа адправіцца за краты. Улада працягвае займацца тым, чым яна замалася апошнія 26 гадоў.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Скочка
  • Алег Сурган
  • Кацярына Салаўёва
  • Зьміцер Паліенка