Уладзімір Вялічкін: Кажуць мне: “Вас не затрымлівалі, а прывезлі ў ізалятар на ўтрыманне…”

Праваабаронца з Брэста Уладзімір Вялічкін, які з 10 мая знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання і быў вызвалены сёння, распавёў сайту palitviazni.info пра сваё затрыманне, таемнае ўтрыманне і “добрых” суддзяў.

“Суддзя – добры чалавек – вынес мне сёння максімальна лагоднае пакаранне за тое, чаго я не здзяйсняў”, – кажа праваабаронца.

Праваабаронца “Вясны” Уладзімір Вялічікн быў затрыманы 10 траўня падчас свайго маніторынгу акцыі і шэсця “кармлення галубоў”, паведамляе spring96.org.

Яго змясцілі ў Кобрынскі ІЧУ, а затым перавезлі ў Брэст. З 10-га мая праваабаронца працягваў знаходзіцца ў ІЧУ.

12 мая над Вялічкіным прайшоў суд, дзе яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафа ў 50 б.в. (1350 бел.руб.) па частцы 3 арт. 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 мая.

Адразу пасля судовага паседжання Уладзіміра Вялічкіна затрымалі ізноў і адправілі ў ІЧУ да наступнага суда.

15 мая праваабаронцу асудзілі яшчэ раз – на 30 б.в. (810 бел.руб.) за “удзел” у акцыі і шэсці 3 мая. Пасля судовага паседжання яго адпусцілі.

– 10 мая я праводзіў маніторынг акцыі, якая праходзіла ў Брэсце, і пасля шэсця ўжо ішоў дахаты, — распавядае Уладзімір Вялічкін. – Іду па вуліцы, патэфанаваў блізкім і кажу: “Максімум праз паўгадзіны буду”.

Але заўважыў, што за мной ідуць “клінам” нейкія людзі ў цывільным. Упёрліся ў мяне, зацягнулі ў міліцэйскі аўтамабіль. Пры гэтым ніхто нічога не казаў. Пытаюся: “Хто такія?” Маўчаць. Усе – у масках.

Адзін “калабок у акулярах” пачаў нават рукі выкручваць, тэлефон забіраць. Паводзілі сябе вельмі неадэкватна, як нейкія бандыты. Кажу: “Дайце хаця б дахаты патэлефанаваць, каб людзі не хваляваліся”.

А затым я пазнаў аднаго па голасу – гэта быў намеснік начальніка Ленінскага РУУС Брэста Мікалай Самасюк. Ён, дарэчы, таксама не прадстаўляўся, пра падставы затрымання не казаў. Толькі коратка загадаў свайму паплечніку: “Вязі”.

— Не ведалі, куды вас адпраўляюць?

— Абсалютна не ведаў. Калі накіраваліся за горад, падумаў, што ў Брэсце ў ізалятарах ужо камер не хапае, перапоўнілі.

Праехалі Жабінку, прывезлі ў Кобрынскі РУУС. А яшчэ раней сюды яшчэ некалькі бусаў з затрыманымі прыбылі. Адзін прывез Рамана Кісляка, а другі хлопца, які на акцыі махаў афіцыйным сцягам.

На падворку ізалятара мы доўга чакалі, пакуль не падрыхтуюць камеры, каб прыняць новых вязняў. Падчас “прыёмкі” яшчэ раз папрасіў, каб далі магчымасць патэлефанаваць блізкім і паведаміць пра сваё месцазнаходжанне і затрыманне. Мне адказалі так: “А мы вас не затрымлівалі. Вас сюды прывезлі на ўтрыманне”.

– Каля сутак ніхто не ведаў, дзе вы знаходзіцеся, а ваша жонка нават звярнулася ў міліцыю з заявай аб знікненні чалавека…

– Мне тэлефон не давалі, а казалі, што дзяжурны патэлефануе блізкім і ўсё скажа. Атрымліваецца, што хлусілі.

…Трэба сказаць, што ў Кобрыне ізалятар адносна новы, вокны вялікія. Далі кнігі пачытаць. Сядзеў адзін у камеры на 10 квадратных метраў

А праз два дні выклікалі ў калідор, павезлі на суд. Першы раз далі 50 базавых велічынь. На судовым працэсе я прыводзіў аргументы, што не прымаў удзел у акцыі, а займаўся маніторынгам правоў чалавека, але гэта, відаць, мала каго хвалявала.

Калі пасля вынясення прысуда не аддалі рэчы, я зразумеў, што ў гэты дзень дадому я, хутчэй за ўсё, не патраплю, а адпраўлюся назад у ізалятар.. Ітак і адбылося. Нягледзячы на тое, што далі штраф, міліцыянеры мяне не выпусцілі і ветліва паведамілі: “Вам трэба прайсці з намі, каб забраць свае рэчы”. Тры дні забіраў. Ізноў камера – ізноў суд.

– Сёння вам далі меншы штраф – 30 базавых велічынь. Лібералізацыя?

– Гэтую справу таксама высмакталі з пальца. Суддзя Дзмітрый Шурын – добры чалавек – вынес мне максімальна лагоднае пакаранне за тое, чаго я не здзяйсняў. І тут нічога новага няма. Як заўсёды з ног на галаву перавярнулі сутнасць беларускага заканадаўства і таго, што адбываецца ў краіне.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Васільеў
  • Мікалай Дзядок
  • Эніра Браніцкая
  • Андрэй Кім
  • Андрэй Дзьмітрыеў