Ліза Пракопчык: Будзем спадзявацца, што ў ЦІП не захварэла на каронавірус

Моладзевая актывістка Ліза Пракопчык, якая сёння ноччу выйшла з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, распавяла сайту palitviazni.info пра акцыю 8 мая, яе наступствы і ўмовы ўтрымання ў ізалятары.

“Зараз трэба паправіць здароўе, бо ў ЦІПе захварэла, – кажа суразмоўца. – Будзем спадзявацца, што гэта не каронавірус, бо людзі, якія былі са мной у камеры, увесь час кашлялі…”

8 мая Даніла Лаўрэцкі і Ліза Пракопчык зладзілі акцыю з труной падчас генеральнай рэпетыцыі парада. Такім чынам яны хацелі звярнуць увагу на небяспеку наведвання масавых мерапрыемстваў у Дзень Перамогі ў Мінску.

У выніку Ліза Пракопчык атрымала 5 сутак адміністрацыйнага арышту, Даніла Лаўрэцкі — 13 сутак.

– Сёння ноччу мяне выпусцілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, -кажа Ліза Пракопчык. – Мяне затрымалі 8 мая ў 23.50, але ў ізалятар прывезлі толькі каля двух гадзін ночы.

Памятаю, мы выходзілі з Данілам з крамы, да нас падбеглі АМАПаўцы, і павезлі ў РУУС. З гэтага ўсё і пачыналася…

– Не чакалі, што за акцыю дадуць адміністрацыйны арышт?

– Шчыра кажучы, не разлічвала на гэта, меркавала, што ўсё-такі больш верагодна – гэта штраф.

Але, як бачым, часы і сітуацыя ў краіне змянілася. Суадносна, змяніліся і дзеянні ўладаў, а таксама сілавікоў і судоў.

– Як умовы утрымання?

– Спачатку была ў камеры на двух чалавек, таму асабліва і паразмаўляць не было з кім. Што датычыцца ўмоваў, то, безумоўна, нязручнасцей хапала, бо там на твае правы проста ніхто не звяртае ўвагі.

Напрыклад, пасля суда работнікі ЦІПа ноччу практычна кожную гадзіну хадзілі і падымалі нас, не давалі спаць. То пагрукаюць у дзверы, то святло ўключаць. Відаць, сумна было, таму вырашылі “пазабаўляцца”.

– Даходзілі да вас перадачы ад сяброў?

– Маці Данілы Лаўрэцкага спрабавала мне перадаць ежу і кніжкі, але не дазволілі. Я папрасіла ліст і асадку, каб напісаць з гэтай нагоды заяву, дык і гэта забаранілі. Сказалі так: “Начальнік не дазволіў”.

Зрэшты, 5 сутак можна пацярпець і без перадачы, але ўсё роўна непрыемна, калі так ставяцца.

– Чым займаліся ўвесь гэты час?

– Сядзела і думала аб жыцці. (Смяецца.) Адзін раз за пяць сутак вывелі на прагулку, так што пагуляла паўтары гадзіны.

– Чым плануеце займацца ў бліжэйшы час?

– У бліжэйшы час трэба паправіць здароўе, бо ў ЦІПе захварэла. Будзем спадзявацца, што гэта не каронавірус, бо людзі, якія былі са мной у камеры, увесь час кашлялі. А можа проста прастудзілася ўчора ў РУУС, бо ў памяшканні было вельмі холадна.

А далей будзем абмяркоўваць планы на прэзідэнцкую кампанію.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Зьміцер Дрозд
  • Аляксандар Малчанаў