Зміцер Паліенка: Адбываць пакаранне не пачаў. Пра мяне забыліся?

Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info, што ўжо месяц пасля рашэння Вярхоўнага суда прысуд у дачыненні да яго не можа ўступіць у сілу.

“Я нават сам зацікаўлены як мага хутчэй пачаць адбываць пакаранне, але дзіўным чынам усе маўчаць, – кажа суразмоўца. – Таму ў маім жыцці пасля вынясення судовага рашэння нічога не змянілася”.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2019 году Мінскі гарадскі суд прызнаў Зміцера Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.

14 лютага 2020 году Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Мінскага гарадскога суда і пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле.

“Ужо месяц прайшоў пасля таго, як Вярхоўны суд разглядзеў маю апеляцыю, але адбываць пакаранне ў рэжыме “дамашняй хіміі” я так і не пачаў, – кажа Зміцер. – І пакуль ніхто не ведае, з якога тэрміна пачну, бо да гэтага часу не прыйшлі дакументы з суда”.

Зміцер Паліенка кажа, што сітуацыя атрымліваецца дзіўная.

“Мне павінны даслаць усе дакументы, затым трэба схадзіць у Заводскі РУУС, стаць на ўлік і пачнецца адлік адбыцця пакарання, – дадае Зміцер. – Але мне нічога не дасылаюць, не тэлефануюць, не кажуць.

Столькі часу ўжо прайшло з таго моманту, як адбыліся суды, але – цішыня. Можа пра мяне забыліся? Я нават сам зацікаўлены як мага хутчэй пачаць адбываць пакаранне. Як кажуць, раней сядзеш – раней выйдзеш”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Яроменак
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Вінцук Вячорка
  • Зьміцер Паліенка
  • Павал Мажэйка