Зміцер Паліенка: “Хатнюю хімію” пачну адбываць з 14 лютага

Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info пра тое, калі адбудзецца разгляд яго касацыйнай скаргі на рашэнне Мінскага гарадскога суда.

“Я не чакаю, што рашэнне адменяць, а значыцца тэрмін адбыцця пакарання на “хатняй хіміі” для мяне пачнецца з 14 лютага”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што Змітра Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, але затым гэты пратэст пракурор адклікаў. Зміцер Паліенка таксама абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда.

“14 лютага Вярхоўны суд павінен разглядзець маю апеляцыйную скаргу, – кажа суразмоўца. – Мяркую, што цуда не здарыцца, а таму, калі вышэйшая інстанцыя пакіне рашэнне Мінскага гарадскога суда ў сіле, то з гэтага ж дня я пачну адбываць пакаранне. Маральна ўжо рыхтуюся да “дамашняй хіміі”…”

Тым часам, у мінулыя выхадныя ў Змітра Паліенкі і Насты Гусевай адбылася радасная падзея – яны афіцыйна ўзаконілі шлюб.

“Як вядома, у лістападзе мы згулялі неафіцыйнае вяселле, – кажа Наста Гусева. – Гэта адбылося практычна адразу ж пасля таго, як закончыўся суд над Змітром. А вось афіцыйна пабрацца шлюбам не маглі, таму што Зміцеру не аддавалі пашпарт.

Зараз пашпарт знайшоўся, і мы замацавалі шлюб на афіцыйнай аснове. Усё было даволі сціпла – у ЗАГСЕ былі толькі мы ўдвух, а затым крыху адзначылі падзею з нашымі сябрамі”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Наста Дашкевіч
  • Арцём Брэўс
  • Зьміцер Мядзьведзь