Іларыён Трусаў: Пагражаюць адправіць у Магілёўскую спецшколу…

Адзін з абаронцаў Курапатаў Іларыён Трусаў распавёў сайту palitviazni.info, чым закончыўся яго паход у камісію па справах непаўнагадовых.

“Сказалі, што калі на мяне будзе складзены чацвёрты пратакол, то ёсць перспектыва патрапіць у спецшколу”, – кажа суразмоўца.

15-гадовы Іларыён Трусаў – маладафронтавец, з красавіка прымае ўдзел у курапацкай варце ля рэстарана “Поедем-поедим”.

Хлопец вучыцца ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы, а сям’ю за тое, што ён прымае ўдзел у акцыях і на яго складаюць пратаколы, паставілі на ўлік у камісію па справах непаўнагадовых і ў дзіцячы пакой міліцыі.

“На пасяджэнне камісіі хадзіў я з маці, а таксама сацыяльны педагог з каледжа, – кажа Іларыён Трусаў. – Таксама прысутнічаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна.

Адзначылі, што на мяне за год праваахоўнікамі складзены ўжо трэці пратакол і давялі, што, паводле нейкага закона, пры складанні чацвёртага пратакола вымушаны будуць звяртацца ў суд, каб накіраваць мяне ў “вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу” – Магілёўскую спецшколу”.

Грамадскі актывіст не прызнае складзеныя на яго пратаколы.

“Калі ты нічога не парушаеш, а цябе абвінавачваюць, то як гэта разумець? – кажа Іларыён Трусаў. – Пратаколы могуць скласці ні за што на любога і нічога не дакажаш”.

Тым не менш, перспектыва спецшколы Іларыёна Трусава таксама не радуе:

“Зараз буду больш асярожна сябе весці падчас курапацкай варты, каб не паддавацца на правакацыі. А вось у каледжы ніякіх пытанняў да мяне няма, хаця я там таксама знаходжуся на прафілактычным уліку”.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Юрый Рубцоў
  • Аляксандар Казакоў
  • Юрый Лявонаў
  • Аляксандар Квяткевіч