Зміцер Паліенка і Наста Гусева згулялі вяселле

У мінулыя выхадныя былы палітвязень Зміцер Паліенка і Наста Гусева пажаніліся, хаця афіцыйнай шлюбнай цырымоніі не было.

“Справа ў тым, што мой пашпарт знік, – распавёў Зміцер сайту palitviazni.info. – Не знайшоў я яго ні ў судзе, ні ў міліцыі, ні ў следчых…”

Нагадаем, што Змітра Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Не так даўно стала вядома, што пракуратура Менска абскардзіла рашэнне Менскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, але затым гэты пратэст адклікаў.

Зміцер Паліенка таксама абскардзіў рашэнне Менскага гарадскога суда, але яго апеляцыя пакуль не разглядалася.

“Вяселле згулялі ў мінулыя выхадныя ў вёсцы, дзе жыве мая мама, – распавядае Наста Гусева. – Сабралі блізкіх і сяброў, усяго было чалавек дванаццаць. На беразе рэчкі і прайшла неафіцыйная шлюбная цырымонія, яе правёў наш агульны знаёмы.

Далі клятву любіць і паважаць адзін аднаго, абмяняліся заручальныя пярсцёнкамі. Усё было даволі сціпла, але дастаткова весела і прыгожа — была музыка, салют. Увогуле, гулялі аж два дні”.

Са слоў Насты Гусевай, пазней яны са Змітром абавязкова замацуюць шлюб і на афіцыйнай аснове, але пакуль гэта немагчыма па той простай прычыне, што яе мужу не аддаюць пашпарт.

“Складваецца ўражанне, што пашпарт альбо згубілі, альбо не аддаюць наўмысна, бо ніхто не ведае, дзе знаходзіцца дакумент, – дадае суразмоўца. – Няма яго ні ў судзе, ні ў Следчым каміттэце, ні ў міліцыі. Але да ўступлення прысуда ў сілу пашпарт абавязкова павінны аддаць”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Скрабец
  • Юрый Хадыка
  • Алег Федаркевіч
  • Яраслаў Грышчэня
  • Міхась Крываў