Аляксандр Кабанаў: Гэта ўсё нагадвае дрэнны серыял

Брэсцкі блогер Аляксандр Кабанаў распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму супраць яго то ўзбуджаюць крымінальныя справы, то закрываюць.

“Шчыра кажучы, нават і не ведаю, чаму ў чарговы раз у дачыненні да мяне спынілы крымінальную справу, – кажа Аляксандр Кабанаў. – Магчыма, гэта звязана з тым, што закончылася парламенцкая кампанія…”

Аляксандр Кабанаў – вядомы брэсцкі блогер, якія асвятляе пратэсты ў Брэсце: спачатку падчас маршаў «дармаедаў», а затым акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

На яго была заведзена крымінальная справа, але ў ліпені гэтага году блогер паведаміў: справу спынілі з-за адсутнасці складу злачынства.

«За чатыры месяцы высветлілася, што я не прысабечваў сродкі таварыства ўласнікаў жытла ў суме колькі там рублёў і колькі там капеек, — напісаў тады Кабанаў. — За чатыры месяцы і… пры дапамозе паднятага на вушы Бярозаўскага РАУС, прыкамандзіраванага супрацоўніка Брэсцкага АБЭП, дванаццаці следчых Бярозаўскага раённага следчага камітэта і двух следчых Кобрынскага следчага камітэта».

Не так даўно стала вядома, што расследванне крымінальнай справы на падставе пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці адноўлена, а зараз яно ізноў спынена.

“Усё гэта нагадвае нейкі дрэнны серыял, – кажа Аляксандр. – У мяне ёсць версія, чаму ўсё так адбываецца. Магчыма, гэта звязана з парламенцкай кампаніяй, з тым, што я вылучаў сваю кандыдатуру на гэтыя выбары, хаця мяне і не зарэгістравалі.

Не выключана, што баяліся маёй вулічнай актыўнасці падчас агітацыі, а таму на ўсялякі выпадак вырашылі крыху папужаць – аднавілі расследванне крымінальнай справы. Выбары закончыліся – справу ізноў закрылі”.

У пацвярджэнне гэтай версіі блогер прыводзіць факт: з таго часу, як справу ізноў распачалі, з ім наогул не праводзілі ніякіх працэсуальных дзеянняў.

“Толькі азнаёмілі са складам следчай групы, якая якая будзе працягваць справу”, – дадае Аляксандр Кабанаў.

Блогер не выключае, што крымінальную справу ў любы момант могуць ізноў распачаць.

“У нашай краіне магчыма ўсё што заўгодна, таму я нічому ўжо не здзіўлюся”, – кажа Аляксандр Кабанаў.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні