Мікола Дзядок: Паліенку не змаглі пасадзіць, як крымінальніка

Былы палітвязень Мікола Дзядок разважае, чаму пракурор спачатку абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда па “справе Паліенкі”, а затым апеляцыйны пратэст быў адкліканы.

“Усім было відавочна, што гэтая справа – расправа над актывістам”, – распавёў Мікола Дзядок сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што экс-палітвязня Змітра Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Не так даўно стала вядома, што пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд. У апеляцыйным пратэсце гаварылася, што прысуд у дачыненні да Паліенкі “з’яўляецца незаконным і павінен быць зменены ў сувязі з несуадноснасцю прызначанага судом пакарання цяжкасці злачынства”.

А 19 лістапада Паліенка атрымаў ліст, у якім паведамлялася, што “11.11.2019 года дзяржаўным абвінаваўцам – старшым пракурорам аддзела пракуратуры г.Мінска Каралём А. быў адкліканы апеляцыйны пратэст, які пададзены 4.11.2019 года на прысуд Мінскага гарадскога суда ад 25.10.2019 г. па крымінальнай справе па абвінавачванні Паліенкі Дзмітрыя Аляксандравіча ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.339 КК”.

Мне цяжка каментаваць паводзіны пракурора, – кажа Мікола Дзядок. – Але я з самага пачатку разумеў, што ягоны пратэст нічым не скончыцца, бо па такіх справах прысуд ўзгадняецца ў высокіх кабінетах, і ўсё роўна пракурор нічога не вырашае.

Магчыма, гэта была ягоная спроба паказаць сваю самастойнасць.

На думку Міколы Дзядка, тое, што Паліенку вынеслі больш мяккі прысуд, а не адправілі за краты, гэта заслуга грамадскасці.

Вырашальнай адназначна стала грамадская падтрымка і ўся “бруднасць” гэтай справы, – дадае Мікола. – Усім стаў зразумелы яе заказны характар. ГУБАЗіК ня змог пасадзіць Паліенка “па-ціхаму”, як крымінальніка.

І ўсім было відавочна, што гэта расправа над актывістам. У дадатак гэтая справа разглядалася, калі ў краіне праходзілі выбары. Гэта таксама важны фактар, бо ўладам быў непатрэбен негатыўны рэзананс у час, калі ў Беларусь з’ехаліся шмат замежных назіральнікаў”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Шалайка
  • Павал Красоўскі
  • Алег Гнедчык
  • Аляксандар Казулін