У эксклюзіўным інтэрв’ю сайту palitviazni.info вядомы ўкраінскі журналіст і былы палітвязень Раман Сушчанка распавёў пра тое, як з журналіста пераўтварыўся ў “шпіёна”, пра сваё затрыманне, знаходжанне ў расійскай калоніі і нечаканае вызваленне.
“У маім захопе ў Маскве прымалі ўдзел каля 20 чалавек”, – кажа суразмоўца.
З ДАВЕДКІ
Раман СУШЧАНКА — украінскі журналіст, карэспандэнт “Укрінфарм” у Францыі. Спецслужбы Расіі абвясцілі, што Раман Сушчанка быццам бы збіраў сакрэтныя звесткі пра дзейнасць Узброеных сілаў і Нацыянальнай гвардыі, у тым ліку спрабаваў высвятліць, ці магчыма новае наступленне на Марыупаль з боку так званай ДНР.
Раман Сушчанка быў арыштаваны 30 верасня 2016 году ў Маскве, куды прыехаў, каб пабачыцца з блізкімі.
4 чэрвеня 2018 году Маскоўскі гарадскі суд асудзіў Сушчанка да 12 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму.
Выйшаў на волю ў межах вялікага абмену паміж палоннымі Расіі і Украіны 7 верасня 2019 году.
– Раман, як сёння ўспрымаюцца падзеі трохгадовай даўніны, калі вы былі арыштаваны?
– На мой погляд, гэта была прадуманая аперацыя расійскіх спецслужбаў, якая распрацоўвалася як мінімум год. Яна была рэалізавана з канкрэтнай мэтай. Расіі патрэбны былі ўкраінскія закладнікі, каб затым праз іх патрабаваць ад украінскай улады нейкіх палітычных саступак. Масква паказвала: калі такіх саступак не будзе, то такія рэчы, як арышты ўкраінцаў, будуць працягвацца.
Як ужо казаў, аперацыя па справе, напэўна, распрацоўвалася каля году. Спецыяльна вывучалася мая перапіска, маніторыліся нейкія мае дзеянні. Я працаваў уласным карэспандэнтам у Парыжы, пазней у справе я бачыў рэчы, якія мяне рэальна шакіравалі.
Мяне вывучалі прыкладна са снежня 2015 году да лета 2016-га. Рабілі запыты ў розныя службы, ім прыходзілі адказы і некаторыя былі даволі дзіўнымі. Напрыклад, пры апісанні месца майго жыхарства ўзгадваліся не толькі склад сям’і, марка аўтамабіля, але рабіліся высновы, што дом знаходзіцца ў юрысдыкцыі Міністэрства абароны. А гэта значыць, што я — рэальны шпіён!
— А на самай справе што гэта за дом?
— Гэта бабуліна кватэра, а дом належыў Украінскаму дзяржаўнаму інстытуту па праектаванні прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. У тым доме ваенных наогул ніколі не было.
Цікавыя высновы рабілі і расійскія спецслужбы, якія працавалі за мяжой. У Парыжы мне штогод трэба было працягваць акрэдытацыю, чакаў яе і ў чарговы раз. Патрэбна было падаваць сваю аўтабіяграфію, апошнія публікацыі… МЗС Францыі усё гэта разглядаў і праз 15-20 дзён выдаваў акрэдытацыю. Працэс трохі зацягнуўся, і расійскія спецслужбы ізноў вырашаюць: калі доўга вывучаюць дакументы на акрэдытацыю, значыць нешта з чалавекам не так.
Апісвалі таксама спецслужбы, што са мной на нейкай прэзентацыі сустракаўся іх чалавек, і яму я “паказаўся адэкватным”. Я ўспомніў “іх чалавека”, гэта быў уласны карэспандэнт “Комсомольскеой правды” у Францыі, з якім сустракаўся на нейкай канферэнцыі па Данбасе. Той сам да мяне падыйшоў, мы пазнаёміліся, у мяне нават візітка недзе дома захавалася. І вось той сведчыць сілавікам: “Сушчанка – адэкватны чалавек, але ён жа пра такое піша!”
Дарэчы, частку тых артыкулаў, якія я напісаў, і яны былі надрукаваны, затым выкарыстоўвалі ў якасці доказаў, што я займаўся шпіёнскай дзейнасцю. Гэта проста неверагодна!..
– Паведамлялася, што вас затрымалі ў Маскве. Якім чынам там апынуліся?
– З чалавекам, які мяне падставіў, мы былі даўнімі знаёмымі, каля 20 гадоў ведалі адзін аднаго. Нашы жонкі таксама былі знаёмы. І мне незразумела, чаму ён вырашыў мяне падставіць. Магчыма, яго спецслужбы падчапілі на нейкі кручок, магчыма, яшчэ нешта… Сёння пра гэта можна толькі здагадвацца.
Гэты чалавек даў на мяне абвінаваўчыя паказанні, сказаў, што я быццам бы выпытваў у яго нейкія сакрэты. Суд палічыў, што так і было, хаця на перакрыжаваным допыце знаёмы добра “паплыў”, даючы вельмі супярэчлівыя паказанні. Але ў выніку абвінавачванне запрасіла для мяне 14 гадоў зняволення, а далі 12. Падалі апеляцыю ў Вярхоўны суд, але той пакінуў судовае рашэнне ў сіле.
– Як праходзіла ваша затрыманне?
– Затрымлівалі непадалёку ад Лефортава. Выцягнуў мяне ў Маскву той самы расійскі знаёмы. У яго была аперацыя на каленях, ён перасоўваўся на мыліцах, хаця машыну вадзіў. Сказаў мне так: “За рулём не магу знаходзіцца, таму прыязджай у пазначанае месца”.
У аўтамабілі мяне і захапілі, ужо пазней я зразумеў, што за мной сачылі з моманту майго прылёта. У машыне зразумеў таксама пра тое, што за мной сочаць, адчуваў трывогу. Далей пачалася нейкая мітусня на вуліцы перад аўтамабілем, пазней пачаўся захоп. Я палічыў, што ў гэтым чалавек 20 прымалі ўдзел.
Пачалі ў мяне шукаць нейкія капсулы з ядам, зброю, гаджэты. Накінулі мех на галаву, павезлі ў следчае ўпраўленне. Хвілін 20-30 кружылі па горадзе, затым, калі прыехалі ва упраўленне, сарвалі мяшок і разам з гэтым – радзімую плямку. З’явілася крыху крыві. Пры гэтым усё здымалі на камеру. Адзін з сілавікоў узяў сурвэтку, прыбраў кроў, і тады я зразумеў, што, па меншай меры, біць не будуць. Калі здымаюць на камеру, ім патрэбна карцінка, а значыцца пераследуюць іншыя мэты.
— І што ў выніку яны хацелі?
— Па-першае, ім патрэбна было стварыць такую псіхалагічную атмасферу ціска, каб я даў неабходныя паказанні і пачаў супрацоўнічаць са следствам. А затым, як мне падаецца, павінен быў на кагосьці ўзвесці паклёп. Іншай мэты я не бачыў.
Падчас допыту я нічога не сказаў, мне далі адваката па прызначэнні. Але зайшоў нейкі начальнік з ФСБ і сказаў: усе доказы ў нас ужо на руках, даеце згоду на супрацоўніцтва? Я нічога не адказаў. Па-першае, быў шокавы стан. Па-другое, нешта даказваць таксама не было сэнсу.
Пасля захопу ноч правёў у следчым ізалятары МУС, зранку павезлі ў Лефортаўскі суд, далей пачаліся следчыя дзеянні.
У следчым ізалятары ў Лефортава сутыкаўся і з іншымі людзьмі, якіх утрымлівалі ў ізалятары на такой жа падставе, як і мяне. Былі літовец і эстонец, пазней пачалі з’яўляцца амерыканскія “шпіёны”. Я ўжо не кажу пра ўкраінцаў.
У калоніі быў яшчэ адзін наш зямляк Валянцін Выгоўскі, якога расіяне арыштавалі ў Крыме. Яму таксама прыпісалі нейкія дзікія шпіёнскія абвінавачванні. Мне яго бацька распавядаў, што Валянцін шмат часу праводзіць у ШІЗА, ізаляваны. Мы былі з ім у адной калоніі, але ніводнага разу не перасякаліся. Толькі раз у тры месяцы, калі прыязджаў украінскі консул, маглі проста павітацца пры сустрэчы.
– Супрацоўнікаў украінскага консульства да вас пускалі ў СІЗА?
– Я патрабаваў консула, але яму не спяшаліся паведамляць пра мой арышт. Праўда, у ізалятар з праверкай выпадкова завітала маскоўская праваабаронца Зоя Светава і даведалася, што я знаходжуся ў ізалятары. Ужо на наступны дзень прыйшла журналістка “Новай газеты” Алена Масюк, затым яшчэ некалькі разоў наведвалася Светава.
– Разумелі, якія перспектывы вас чакаюць?
– Карціна была такая, што мне “свяціла” 20 гадоў зняволення. Хаця радавала, што ў мяне быў добры адвакат – Марк Фейгін, які раней абараняў Надзею Саўчанка. Зразумеў, што мяне не пакінулі сам насам, будзе пад абаронай і мая сям’я.
Найперш Фейгін у мяне запытаў: “Ты нешта падпісваў?” — “Нічога”. — “Гэта добра”.
– Пасля прысуду вас накіравалі ў калонію…
– Мяне адправілі ў калонію за тысячу кіламетраў ад Масквы, адбываў пакаранне ля горада Кірава-Чапецк. З калоніі спрабавалі зрабіць паказальную ўстанову, змянілі начальніка. Прыйшоў новы – маленькі чалавек з вялікім комплексам Напалеона.
З ім складана было размаўляць, хаця я яму адразу сказаў, каб ён трымаў сябе ў руках і не падзяляў людзей па нацыянальнаму прызнаку. Перыядычна ў калонію прыязджаў консул, сябры грамадскай камісіі і адвакат.
Каб абараняць сябе, я вывучыў усе правілы ўнутранага распарадку, і ўжо ад гэтага адштурхоўваўся. Ды і зняволеныя, якія ўжо доўга там знаходзіліся, дзяліліся вопытам, а таму свае права ўдавалася абараніць.
– Я ведаю, што вам не ўдалося патрапіць на пахаванне бацькі.
– Пра тое, што бацька памёр я даведаўся, калі яго ўжо пахавалі. Адвакаты мне нічога не сказалі, так бы мовіць, бераглі мяне. Даведаўся пра гэта ад нашага консула. Смерць бацькі – гэта быў для мяне вельмі моцны ўдар.
– Было адчуванне, што можаце апынуцца на волі раней часу, падчас абмену палоннымі?
– Шчыра кажучы, спадзяваўся на гэта. У мяне быў другі заручальны пярсцёнак, і па іх нормах, яго павінны былі зняць адразу, хаця гадоў дзесяць я яго ўжо не мог зняць. У выніку супрацоўнікі ізалятара на сітуацыю глядзелі спакойна, і гэта мне давала надзею, што мяне могуць абмяняць да суда.
І нават пасля вынясення прысуда не пакідаў гэтую надзею. Ужо пазней даведаўся, што было пяць дамоўленасцей аб абмене, але ўсе яны адмяняліся па тых ці іншых абставінах.
У калоніі я адчуваў вялізную падтрымку простых людзей. Мне пісалі не толькі з Украіны, але і калегі-беларусы, прыходзілі лісты з Еўропы. Шмат расіян падтрымлівалі, ішлі перадачы. Такая медыйнасць дапамагала, і, магчыма, нават зберагала ад фізічных катаванняў.
– Раман, а як вы даведаліся пра тое, што вы будзеце вызвалены ў межах абмена?
– 15 жніўня мне паведамілі, што трэба збіраць рэчы, і я падумаў, што гэта звычайны пераезд у новую камеру, бо за апошнія два тыдні змяніў чатыры альбо пяць камер і ўжо нават стаміўся іх прыводзіць у санітарны парадак.
Праўда, наглядчык удакладніў, што з сабой можна браць не больш за 20 кг рэчаў. Гэта азначала, што будзе этап, хутчэй за ўсё, самалётам. У той жа час разумеў, што ў іншую калонію адправілі б цягніком, а таму з’явілася надзея на вызваленне.
Усе прадкуты харчавання, нейкія рэчы я пакінуў Валянціну Выгоўскаму. Мяне асобна вывелі ў адміністратыўнае памяшканне, затым прыехаў канвой. Я папрасіў зрабіць званок адвакату, мне далі на гэту згоду. Адвакат не адказаў, патэлефанаваў консулу.
На наступны дзень паднялі ў 6 гадзін раніцы, адпраўлялі ў Маскву грамадзянскім рэйсам. Ачапілі лётнае поле, мяне ў кайданках, якія накрылі рушніком, пасадзілі ў “хвасце” самалёта. У Маскве вывелі з самалёта самым апошнім.
Ужо там прывезлі ў Лефортава і сказалі, што існуе нейкі спіс зняволеных для абмена. Увесь час да таго, як абмянялі, я нічога канкрэтнага не ведаў. Тэлевізара і радыё не было, газет таксама, але за дзень да вызвалення адбылася сустрэча з консулам і той паведаміў, што патрэбна падпісаць дакумент аб вяртанні ва Украіну. Аднак усе баяліся, каб абмен ізноў не сарваўся ў апошні момант.
А на наступны дзень у 4 раніцы нас двума аўтобусамі з эскортам павезлі праз усю Маскву – міма Крамля, ля маста, дзе забілі Барыса Нямцова. Былы такая паказальная паездка.
У аэрапорце “Унукава” нам зачыталі указ Пуціна аб памілаванні, а праз гадзіну мы ўжо ляцелі дадому. Хлопцы былі ў розным стане. Нехта з досыць сур’ёзнымі траўмамі – і псіхалагічнага, і фізіялагічнага характара. Але самае галоўнае — мы вярнуліся…
palitviazni.info
Фото: EPA