Мікалай Статкевіч: Любая акцыя мае права на жыццё

Палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч выказаў сайту palitviazni.info сваё стаўленне да вулічнай акцыі, якую арганізавалі айчынныя блогеры, і пра дыстанцыйнасць кіравання такімі мерапрыемствамі.

“Акцыі могуць адбывацца ў розных фарматах, але наша бяда ў тым, што такіх мерапрыемстваў у нас надзвычай мала”, – адзначае палітык.

Нагадам, не так даўно блогер NEXTA заклікаў беларусаў сабрацца на плошчы Свабоды ў Мінску, каб абмеркаваць, куды далей павінна рухацца краіна. Пры гэтым сам блогер знаходзіцца за мяжой і на акцыі не прысутнічаў з-за магчымага крымінальнага пераследу з боку беларускіх сілавікоў.

– Усе акцыі, якія выкліканы незадаволенасцю дзейсным становішчам рэчаў і накіраваны на пошук альтэрнатыўнага шляху развіцця краіны, маюць права на жыццё, – кажа Мікалай Статкевіч. – І я гэта толькі вітаю. Акцыі могуць адбывацца ў розных фарматах, але наша бяда ў тым, што такіх мерапрыемстваў у нас надзвычай мала. Па сутнасці, іх можна пералічыць на пальцах адной рукі. І гэта вялікая праблема.

— Многія крытыкавалі блогера, што сам ён, знаходзячыся за мяжой, заклікае да таго, каб людзі выходзілі на вуліцу і, такім чынам, у пэўным сэнсе падстаўляе іх. Хаця насамрэч NEXTA запрашаў на афіцыйна дазволеныя пікеты кандыдатаў у дэпутаты…

– Гэта справа да ўдзельнікаў мерапрыемства – ісці ім туды альбо не ісці. А арганізоўваць можна з любога месца. Я, дарэчы, быў вельмі ўсцешаны тым, што акцыю актыўна падтрымалі недзяржаўныя СМІ. Але, відаць, галоўную ролю ў арганізацыі згуляў сам блогер. На заклік адгукнуліся і прыйшлі на плошчу ў асноўным маладыя людзі, так што магчымы розныя варыянты арганізацыі акцый.

Паўтаруся, тут была праведзена досыць добрая інфармацыйная кампанія. А вось напярэдадні акцыі ў абарону незалежнасці, якую 6 кастрычніка праводзіла Народная Грамада, мы атрымалі практычна поўную інфармацыйную блакаду. Праўда, розніца паміж колькасным складам двух акцый аказалася зусім невялікай. І гэта сведчыць пра тое, што грамадства не толькі вельмі запалоханае, але і не мае надзеі, што ў гэтай кріане магчыма нешта кардынальным чынам змяніць.

***

Падчас вулічнай акцыі, якую 8 лістапада на плошчы Свабоды ў Мінску ініцыяваў блогер Нехта, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель паведаміў, што наступны вулічны пратэст запланаваны на 15 лістапада.

Зараз блогер паведаміў “Нашай Ніве”, што да закліку выйсці на вуліцу 15 лістапада ён “не мае дачынення, а таксама не разумее канспіралагічных тэорый на гэтую тэму”.

“Я ніколі і ні пры якіх умовах не буду накiроўваць сваіх людзей пад дубінкі АМАПу, не папярэджваючы пра магчымую пагрозу”, — заявіў ён.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Старавойтаў
  • Антон Койпіш
  • Яўген Сувораў