Наста Гусева: Мы пажэнімся ў любым выпадку…

17 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Зміцера Паліенкі, і перад пачаткам працэса малады чалавек зрабіў прапанову сваёй нявесце Насці Гусевай.

“Гэта было для мяне прыемнай нечаканасцю”, – распавяла Наста сайту palitviazni.info.

Працэс павінен быў пачацца яшчэ 25 верасня, але ў апошні момант стала вядома, што суддзя захварэў, і суд пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

У выніку пачатак працэса прызначылі на 17 кастрычніка. Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 –абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

Было абвешчана, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме, пасля чаго Паліенка ў знак пратэста парэзаў сабе вены. Маладому чалавеку аказалі медыцынскую дапамогу, а праз нейкі час працэс зрабілі ўжо адкрытым. Да таго ж, стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.

Яшчэ пачатак суда запомніўся тым, што на ім Зміцер Паліенка зрабіў прапанову сваёй нявесце Насці Гусавай.

— Гэта было для мяне прые мнай нечаканасцю, – кажа Наста Гусева. – Натуральна, што мы абмяркоўвалі, што пажэнімся ў любым выпадку, але афіцыйнай прапановы ад Змітра пакуль не было.

Аказалася, што ён вырашыў яе зрабіць такім вось арыгінальным чынам. Абстаноўка была не самай рамантычнай, але, мяркую, запоўніцца на ўсё жыццё.

– Калі прысуд будзе абвінаваўчым, і Зміцера накіруюць у месца пазбаўлення волі…

– Мы абавязкова распішамся ў бліжэйшы час, гэта ўжо справа вырашаная. Тут нічога не змяняецца. Мы ўвогуле сыходзілі з горшага варыянта і разлічвалі, што Дзіма атрымае 10 гадоў зняволення.

Праўда, зараз нечакана са Змітра знялі тры крымінальныя артыкулы і гэта істотна змяняе канчатковы расклад, хаця не змяняе нашых планаў распісацца. Праўда, да суда мы не маглі гэта зрабіць, бо я праходзіла ў справе, як сведка.

Так што пажэнімся альбо ў СІЗА, альбо ў калоніі ў выпадку абвінаваўчага прысуду. Але ж ёсць спадзяванні і на тое, што Змітра могуць пакараць, але пакаранне не будзе звязана з рэальным пазбаўленнем волі. Відаць жа на судзе, што гэтая справа шытая белымі ніткамі і цалкам развальваецца.

palitviazni.info

 

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні