Як у Беларусі “шыюць” крымінальныя справы

Спынена крымінальная справа ў дачыненні да двух праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам – Майсея Мазько (на фота) і яго сына Дзяніса Мазько, якіх падазравалі ў незаконным абароце боепрыпасаў.

“Гэта радуе, – распавёў сайту . palitviazni.info праваабаронца Раман Кісляк. – Страшна іншае: што ў нашай краіне так лёгка можна сфабрыкаваць крымінальную справу.

У лісце з Брэсцкага міжраённага аддзела Следчага камітэта паведамляецца, што крымінальны пераслед у дачыненні да Майсея Мазько і яго сына спынены за адсутнасцю ў іх дзеяннях прыкмет складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 295 КК.

Актывісты падазраваліся ў тым, што пры нявысветленых абставінах незаконна набылі 30 спартыўна-паляўнічых патронаў, якія з’яўляюцца боепрыпасамі да пісталетаў, паляўнічых вінтовак і карабінаў, камбінаваных паляўнічых стрэльбаў, і незаконна захоўвалі іх у аўтамабілі.

– Гэтая гісторыя ўжо ўсім вядомая, але пра яе павінны ведаць як мага больш людзей, – кажа праваабаронца Раман Кісляк. – Усё пачалося 2 красавіка, калі Майсей Мазько ехаў некуды па працоўных справах. Машына была працоўная. І вось сюжэт: яго спыняюць супрацоўнікі ДАІ і распачынаюць асаблівы дагляд. Праверылі не толькі нумар рухавіка, але нават нумары на рамянях. Калі такое было?!

Далей – болей! Знайшлі нейкі пакет у машыне. Што там? У пакеце знайшлі патроны і рэчыва, падобнае на выбухоўку. Прыехала следчая група, так і пачалася крымінальная справа.

– Што было далей?

– Па-першае, Майсей Сцяпанавіч сказаў, што не ведае пра рэчы ў машыне, бо аўтамабіль не яго асабісты. Машына стаяла на тэрыторыі манастыра і ніколі не закрывалася. Нешта падкінуць у аўта – без праблем. Пры тым, што ездзілі на ёй і іншыя, не толькі Мазько. Але апошняга затрымалі, ён правёў трое сутак у ізалятары. Столькі ж, колькі і яго сын Дзяніс.

– Якія версіі вылучаліся з гэтай нагоды?

– Паколькі Майсей Мазько ўваходзіў у ініцыятыўную групу праціўнікаў будаўніцтва ў Брэсце акумулятарнага завода, то нам было відавочна: правакацыя звязана менавіта з гэтым. У той час яшчэ не было крымінальнай справы супраць уласнікаў прадпрыемства, а наадварот – ішлі рэпрэсіі супраць актывістаў, якія пратэставалі супраць гэтага завода.

Удар па Майсею Сцяпанавічу – гэта быў ударам і па ўсіх актывістах, каб скампраментаваць нашую кампанію. Адначасова, у тую ж ноч, былі заблакаваны банкаўскія карткі, на якія мы збіралі грошы. Пасля былі затрыманні і спробы пасадзіць найбольш актыўных у ізалятар часовага ўтрымання. Адным словам, ішла мэтанакіраваная кампанія супраць нас. Гэта была істэрыка ўладаў.

— А зараз раптам усё змянілася, калі Лукашэнка таксама крытычна выказаўся адносна будаўніцтва гэтага завода…

– Крымінальная справа ў дачыненні да Майсея Мазько і яго сына спынена, і, аказваецца, спынена яшчэ месяц таму. Хаця пра гэта стала вядома толькі зараз.

І, безумоўна, калі вярхоўная ўлада выказваецца гэдак жа, як і праціўнікі завода, то і крымінальная справа знікла. Гэта радуе. Страшна іншае – што ў нашай краіне так лёгка можна сфабрыкаваць крымінальную справу.

palitviazni.info

Фота: Ірына Шаціла. Крыніца: b-g.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Арастовіч
  • Яўген Васьковіч
  • Анатоль Букас
  • Эніра Браніцкая
  • Андрэй Гайдукоў