Ігар Комлік: Будзем падаваць скаргу на імя старшыні Мінскага гарадскога суда

Фігурант “справы прафсаюзаў” і адзін з лідараў прафсаюза РЭП Ігар Комлік распавёў сайту palitviazni.info, што ўсю тэхніку следчыя ім ужо вярнулі.

“Зараз будзем працягваць справу аб абароне гонару і годнасці”, – дадае прафсаюзны лідар.

Нагадаем, што тэхніку, якую забралі падчас вобшукаў у жніўні 2017 году, не вярталі больш за два гады. Але, у рэшце рэшт, вярнулі.

– Камп’ютары, тэлефоны, інфармацыйныя носьбіты, які доўгі час знаходзіліся ў сталічным упраўленні Следчага камітэта, мы ўжо забралі і адразу ж іх праверылі на прадмет спраўнасці, – кажа Ігар Комлік. – Ёсць жа сумны вопыт. У 2011 годзе ў нас ужо канфіскоўвалі камп’ютары, і калі вярталі, мы іх на месцы не паглядзелі.

А ўжо ў офісе высвятлілася, што нам спалілі жорсткія дыскі, сапсавалі аптычныя дыскі, флэш-карты таксама былі ў непрацоўным стане. Таму зараз старыя памылкі вырашылі не паўтараць. Але пакуль уся тэхніка працуе добра.

– Чым закончылася ваша справа аб абароне гонара, годнасці і дзелавой рэпутацыі, які вы падавалі да сайта belnovosti.by?

– Як вядома, раённы суд адмовіў задаволіць нашы іскавыя патрабаванні, а Мінскі гарадскі суд гэтае рашэнне падтрымаў. Але кропка тут не пастаўлена. Мяне ж у публікацыі абвінавацілі, што я быццам бы за кошт прафсаюзных грошай набываў сабе нерухомасць, якой у рэальнасці няма. Таму буду працягваць змагацца за сваё добрае імя. Пададзім скаргу на імя старшыні Мінскага гарадскога суда.

***

Нагадаем, што ў жніўні 2018 года суд Савецкага раёна прыгаварыў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Іх прызналі вінаватымі на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме»), а праваабаронцы назвалі гэтую справу палітычна матываванай.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Рыгор Кійко
  • Анатоль Букас
  • Алесь Круткін
  • Павал Вінаградаў