Вячаслаў Касінераў: Мяркую, што працэс зрабілі закрытым, каб грамадства не даведалася праўду

Судовы працэс над былым палітвязнем Зміцерам Паліенкам, судовы працэс над якім павінен быў пачацца сёння, 25 верасня, адкладзены на нявызначаны тэрмін.

Вячаслаў Касінераў, паплечнік Змітра, распавядае сайту palitviazni.info пра тое, чаму суд вырашылі зрабіць закрытым.

25 верасня (10.00) у Мінскім гарадскім судзе павінен быў пачацца разгляд справы актывіста Зміцера Паліенкі. Вядома было, што працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, аднак з-за хваробы суддзі суд перанесены.

“На працэс прыйшлі дастаткова шмат людзей, каб падтрымаць Змітра, хаця ж было вядома, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Я заўважыў, што палітвязні аб’ядноўваюць людзей.

Дарэчы, ля будынка суда было шмат сілавікоў, якія здымалі прысутных як мінімум з дзесяці камер, побач стаялі аўтобусы з АМАПам. Але мы ўжо звыкліся з тым, што ў Беларусі любая актыўнасць цікавіць сілавікоў”.

Вячаслаў Касінераў мяркуе, што працэс зрабілі закрытым не таму, што там будуць агалошаны нейкія “сакрэтныя” звесткі.

“Да анархістаў у сілавікоў і ўлады асаблівае стаўленне, таму хочуць ліквідаваць найбольш актыўных, – дадае Вячаслаў. – На яго прыкладзе хочуць паказаць, што будзе з тымі, хто займае непрымальную пазіцыю ў дачыненні да дзяржавы.

Натуральна, многія абвінавачванні, што называецца, прыцягнуты за вушы, і на судзе праваабаронцы і грамадскасць усё гэта ўбачылі б. Вось і вырашылі зрабіць суд закрытым, каб ніхто нічога не ведаў”.

***

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад’яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад’яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Абозаў
  • Сяргей Марцалеў
  • Сяргей Скрабец