Зміцер Паліенка: На судзе аб’яўлю маўклівы пратэст. Гатовы і да іншых мераў…

Былы палітвязень Зміцер Паліенка ў сувязі з тым, што судовы працэс па яго справе будзе закрытым, заявіў, што вырашыў поўнасцю байкатаваць судовае разбіральніцтва.

“Я лічу гэта прамой расправай над сабой”, — паведаміў актывіст.

Нагадаем, што пачатак разгляду “справы Паліенкі” прызначаны на 25 верасня (10.00) у Мінскім гарадскім судзе.

Стала вядома, што суд будзе закрытым. Па меркаванні праваабаронцаў “Вясны”, гэта звязана з разглядам матэрыялаў справы па артыкуле 369 Крымінальга кодэкса “Абраза прадстаўніка ўлады” за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

“У сувязі з тым, што суд будзе праходзіць цалкам у закрытым рэжыме, а гэта значыць будзе непразрыстым і ізаляваным ад грамадства, то лічу гэта прамой расправай над сабой, – паведаміў Зміцер Паліенка ў лісце сваім паплечнікам. – Я не прызнаю віну ні па адным эпізодзе, а беларускаму правасуддзю не давяраю”.

Актывіст лічыць, што закрытасць працэса, а таксама падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў справы, якія ўзялі з яго адваката, гэта адмысловы рэпрэсіўны ход, каб асудзіць па справах, што шыты белымі ніткамі.

“Мяне абвінавачваюць “са слоў”, на падставе фантазій і меркаванняў, без фактаў і доказаў і збіраюцца схаваць гэта ад грамадскасці, – адзначае Зміцер. – Па крымінальна-працэсуальным кодэксе рабіць суд закрытым немагчыма і падстаў для гэтага няма!”

У сувязі з гэтым Зміцер Паліенка паведаміў, што вырашыў цалкам байкатаваць судовае разбіральніцтва.

“Я буду вымушаны пайсці і на іншыя меры, калі суд не зробяць адкрытым, – дадае актывіст. – Маё права на справядлівы суд парушана, і іншага выйсця я не бачу.

Прысуд яны ўжо вынеслі. Засталося толькі разыграць тэатральную пастаноўку. Мне губляць ужо няма чаго. У знак нязгоды я аб’яўляю маўклівы пратэст”.

***

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад’яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад’яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Барыс Гарэцкі
  • Мікола Астрэйка
  • Андрэй Пачобут