Блогер NEXTA: У Польшчы прынясу сваёй краіне куды больш карысці, чым у турэмнай камеры на радзіме

21-гадовы беларускі блогер Сцяпан Святлоў – аўтар аднаго з самых папулярных Telegram-каналаў NEXTA – распавёў, чаму пакуль што не збіраецца вяртацца з Польшчы ў Беларусь.

“Няма сумненняў, што ў камеру мяне адправяць адразу пасля перасячэння мяжы”, – кажа Сцяпан Святлоў.

Зараз хлопец вучыцца ў адной з польскіх ВНУ, заканчвае Сілезскі ўніверсітэт у польскім Катавіцэ па спецыяльнасці «Арганізацыя вытворчасці кінематаграфічнай і тэлевізійнай прадукцыі». Менавіта ён з’яўляецца аўтарам папулярнага YouTube- і Telegram-канала NEXTA.

“Пачыналася ўсё з простага кліпа на песню «Выбару няма», якую мы з сябрамі запісалі перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2015 годзе, – цытуе Сцяпана Святлова nv-online.info. – Тады ж была прыдумана і назва праекта – NEXTA. Я яшчэ планаваў бываць у краіне хоць бы на канікулах, таму адкрываць сваю асобу перад «кампетэнтнымі органамі» зусім не хацелася.

Але музыкай займацца больш не атрымалася – усе сябры раз’ехаліся вучыцца ў розныя замежныя ўніверсітэты. А вось агляды падзей, якія адбываюцца ў краіне, раптам «стрэлілі». Папулярнасць пачала расці, але самы вялікі і, думаю, вырашальны ўзлёт здарыўся пасля таго, як у мой дом прыйшлі з ператрусам міліцыя і прадстаўнікі Следчага камітэта.

Хацелі прышыць крымінальны артыкул за абразу кіраўніка краіны… Мне пашанцавала гэта здарылася на наступны дзень пасля майго вяртання на вучобу ў Польшчу. А вось маці напалохалі. Затое пра гэты выпадак напісалі амаль усе беларускія СМІ, а ў майго канала на YouTube пачала хутка расці колькасць падпісчыкаў”.

Са слоў Сцяпана, цяпер у яго 270 тысяч падпісчыкаў на YouTube і 161 тысяча ў Telegram, 56 тысяч – у NEXTA Lite. Агулам, разам з іншымі сацсеткамі, набіраецца каля паўмільёна. А вось на радзіму вяртацца хлопец пакуль не збіраецца.

“Пакуль у Беларусі не зменіцца ўлада, хутчэй за ўсё, не вярнуся, – кажа ён. – Я разумею, што ў Польшчы прынясу сваёй краіне куды больш карысці, чым у турэмнай камеры на радзіме. А тое, што ў камеру мяне адправяць адразу пасля перасячэння мяжы, няма ніякіх сумненняў. Больш за тое знайсці мяне і адпомсціць пагражаюць нават у Польшчы. Некалькі разоў на месяц прыходзяць паведамленні або каментарыі з такімі пагрозамі, таму даводзіцца ўжываць мноства мер асабістай бяспекі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні