Ніна Багінская: Больш за месяц не магу атрымаць пенсію

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як збіралася балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, што гэтаму перашкодзіла і чаму ўжо больш за месяц не можа атрымаць пенсію.

“Хацела балатавацца ў парламент, але не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групы, бо напярэдадні я згубіла свой пашпарт”, – распавяла Ніна Багінская сайту palitviazni.info.

72-гадовая Ніна Багінская пастаянна выходзіць на розныя акцыі з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Міліцыя кваліфікуе гэта, як несанкцыянаваныя пікеты, і ўжо працяглы час выпісвае сталай жанчыне вялікія штрафы, якія ў агульнай суме дасягнулі ўжо фантастычных для пенсіянеркі памераў.

“Напэўна, ужо больш за 20 тысяч долараў павінна заплаціць, – кажа Ніна Георгіеўна. – Я ўжо заблыталася ў гэтых штрафах і дакладнай лічбы не ведаю. Але хачу адзначыць, што апошні раз атрымала штраф ў маі гэтага году. З таго часу мяне не чапалі, таму пэўныя зрухі ў лепшы бок ёсць”.

Пенсіянерка па-ранейшаму выходзіць на курапацкую варту, дзе абаронцы Курапатаў і прапанавалі ёй прыняць удзел у сёлятняй парламенцкай кампаніі і вылучыць сваю кандыдатуру.

“Я пагадзілася, але, калі патрэбна было рэгістраваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, то спатрэбіўся мой пашпарт, – працягвае Ніна Багінская. – І не знайшла яго. Пачала шукаць – нідзе няма. Нават у лесе шукала, дзе ягады збірала.

Адным словам, дакумент кудысьці знік, а таму, натуральна, праляцела і я міма парламенцкай кампаніі”.

Як вядома, актывістка прынцыпова адмаўляецца аплочваць штрафы за ўдзел у акцыях, а таму дзяржава вылічвае 50 працэнтаў з яе пенсіі. Але зараз – яшчэ адна праблема.

“Пенсія — 200 рублёў, і мне гэтага хапае, – адзначае Ніна Георгіеўна. – Але зараз, паколькі пашпарт згубіла, а новы яшчэ не зрабіла, наогул не магу атрымаць пенсію. Апошні раз я яе атрымлівала аж 13 жніўня”.

Са слоў Ніны Багінскай, яна не галадае, бо ў запасе ёсць крыху грошай, на якія можна пражыць.

“Ды і сябры з блізкімі дапамагаюць”, – дадае яна.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Квяткевіч
  • Антон Сурапін
  • Васіль Парфянкоў
  • Алесь Кіркевіч
  • Зьміцер Паліенка