Максім Вінярскі: Міліцыянер прыйшоў і кажа: “Што гэта вы тут за акцыю зладзілі?”

Актывіст Максім Вінярскі, які з’яўляецца ўдзельнікам практычна ўсіх пратэстных акцый, а за мінулы год правёў за кратамі на “сутках” каля двух месяцаў, таксама балатуецца ў Палату прадстаўнікоў. Навошта?

Пра гэта актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” распавёў сайту palitviazni.info.

Свой пастаянны ўдзел а акцыях пратэсту Максім Вінярскі тлумачыць так: “На мой погляд, нельга маўчаць, калі ты бачыш, што ў краіне адбываецца нейкая несправядлівасць. І чым больш людзей будзе займаць такую актыўную пазіцыю, тым менш будуць згодныя маўчаць і хаваць сваю незадаволенасць.

Гэтую сістэму можна прымусіць змяняцца толькі праз пастаянны на яе ціск. У беларускай апазіцыі не ўсе разумеюць, што, калі ты саступаеш, то адабраць свае ранейшыя пазіцыі будзе куды складаней. І чым больш будзеш саступаць сістэме, якая на цябе цісне, тым цяжэйшы будзе зваротны шлях”.

“І для “Еўрапейскай Беларусі”, і для мяне асабіста гэта не столькі выбарчая кампанія, колькі магчымасць афіцыйна дэклараваць свае мэты, – кажа Максім Вінярскі.Нашы мэтывядомыя – змена дзеючай улады, годная аплата годнай працы і спыненне будаўніцтва АЭС. Гэта, на мой погляд, тое, што хвалюе многіх беларусаў”.

Са слоў актывіста, пакуль на пікетах па зборы подпісаў абыходзіцца без правакацый.

“Толькі адзін раз падыйшоў міліцыянт і пацікавіўся, што мы тут за акцыю ладзім, але, калі даведаўся, што збіраем подпісы у межах выбарчай кампаніі, выбачыўся і сыйшоў”, – працягвае Максім Вінярскі.

Актывіст дадае, што ён не разлічвае патрапіць у парламент, бо, на яго думку, неабходныя людзі ўсё роўна туды будуць прызначаны ўладай.

“Пакуль мы вырашылі выкарыстаць толькі этап збору подпісаў, бо такім чынам нам афіцыйна дазволілі праводзіць пікеты. І людзі падыходзяць, жадаюць поспехаў. Вельмі і вельмі многія не задаволеныя дзеяннямі гэтай улады”, – кажа Максім Вінярскі.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Зьміцер Новік
  • Аляксандар Францкевіч
  • Сяргей Скрабец