Ірына Халіп: Каб паставіць за мяне подпіс, людзі прыязджалі з усяго горада

Журналістка і былы палітвязень Ірына Халіп распавяла сайту palitviazni.info пра свой удзел у выбарчай парламенцкай кампаніі, зборы подпісаў і пра тое, што сёння хвалюе людзей.

“Першы дзень збору подпісаў быў для мяне вельмі насычаным і натхняльным, – кажа Ірына. – Па-першае, здзівіла колькасць людзей, якія падыходзілі і казалі: “Божа, нарэшце мы дачакаліся, калі бачым людзей, якія думаюць гэдак жа, як і мы…”

Журналістка “Новай газеты” Ірына Халіп прыняла рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах-2019. Яна балатуецца ў Мінску па Партызанскай акрузе №110.

Нагадаем, што Ірына Халіп – жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. У маі 2011 года яна была прызнаная вінаватай быццам бы ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджана на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

Яна не мела права пакідаць Мінск, абавязана была кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00.

Зараз Ірына Халіп патлумачыла nn.by сваё рашэнне прыняць удзел у выбарах так: “Сёння беларускай зямлі пагражае ўсё: і ўсходні сусед, і ядзернае паліва, і ўвогуле людзі губляюць надзею, таму трэба паспрабаваць змяніць хоць нешта ў такіх цяжкіх умовах”.

9 верасня Ірына Халіп з паплечнікамі пачалі збор подпісаў, пікет адбыўся ля Мінскага трактарнага завода.

“Першы дзень збору подпісаў быў для мяне вельмі насычаным і натхняльным, – кажа Ірына. – Па-першае, здзівіла колькасць людзей, якія падыходзілі і казалі: “Божа, нарэшце мы дачакаліся, калі бачым людзей, якія думаюць гэдак жа, як і мы. І неаднаразова я чула магічную лічбы “95”. Ведаеце што яна азначае? Людзі мне казалі, што дзеючую ўладу не падтрымлівае 95 працэнтаў людзей. І гэта такі народны рэйтынг, бо адну і тую ж лічбу чула ад абсалютна розных людзей”.

Ірына Халіп адзначае таксама, што людзі ўжо забыліся пра тыя часы, калі можна было спадзявацца на больш-менш справядлівыя выбары.

“На мой пікет прыязджалі мінчане з іншых канцоў горада і казалі, што спецыяльна прыехалі, каб толькі паставіць подпіс, – дадае Ірына. – І гэтая сітуацыя вельмі сумная для ўлады. Я ўбачыла, што народ пляваць хацеў на тую ж самую Палату прадстаўнікоў, бо сапраўдны парламент разагналі яшчэ 23 гады таму. Калі мы раней заклікалі да палітычнай кампаніі байкота, то людзі свой байкот ужо даўным-даўно ажыццявілі”.

palitviazni.info

Фота: nn.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Баразенка
  • Віталь Рымашэўскі