Сёння, 10 верасня, вызваленыя ўкраінскія палітвязні Алег Сянцоў і Аляксандр Кольчанка склікалі ў Кіеве сваю першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю.
Нагадаем, што і Сянцоў і Кольчанка 7 верасня вярнуліся ва Украіну з расійскага палону ў межах працэдуры абмена вязнямі.
Нагадаем, што 10 мая споўнілася пяць гадоў, як украінскі рэжысёр Алег Сянцоў знаходзіўся за кратамі ў Расіі.
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў быў арыштаваны 10 мая 2014 года ў Сімферопалі. ФСБ Расеі абвінаваціла яго ў стварэнні тэрарыстычнай групы, якая мела намер падарваць мясцовы помнік Леніну. У жніўні 2015 года Паўночна-Каўказскі вайсковы акруговы суд у Растове-на-Доне прысудзіў Сянцова да 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.
У мінулым годзе Сянцоў на працягу 145 дзён трымаў галадоўку, патрабуючы ад расійскіх уладаў вызвалення 64 украінскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца за кратамі ў Расіі, якіх ён лічыць палітвязнямі. Рэжысёр быў вымушаны перапыніць галадоўку з-за пагрозы прымусовага кармлення.
Сусветная кінематаграфічная супольнасць неаднаразова заклікала вызваліць Алега Сянцова. Працэдура памілавання ў Расіі прадугледжвае, што рэжысёр павінен асабіста звярнуцца да прэзідэнта Расіі з такой просьбай. Але Сянцоў адмовіўся гэта рабіць, настойваючы, што з’яўляецца ўкраінскім грамадзянінам.
Аляксандр Кольчанка адбываў пакаранне ў Чалябінскай вобласці Расіі. Яго разам з Алегам Сянцовым затрымалі расійскія спецслужбы ў Крыме ў маі 2014 года нібыта па абвінавачванні ў арганізацыі тэрактаў на паўвостраве.
У выніку Аляксандр Кольчанка быў асуджаны да 10 гадоў калоніі.
“Я застаюся жыць у Кіеве разам са сваёй дачкой, – распавёў Алег Сянцоў журналістам. – Увогуле, збіраюся займацца двумя самымі цудоўнымі справамі – здымаць кіно і жыць. А што датычыцца вяртання ў Крым, то калі туды і вяртацца, то толькі на танках… Прашу не ўспрымаць гэта сур’ёзна”.
Былы палітвязень распавёў таксама, што будзе рады, калі яго справа стане часткай вялікага ўкраінскага зыска супраць Расіі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.
На пытанне аб палітычнай дзейнасці Сянцоў шчыра сказаў: яго за пяць гадоў зняволення ніхто з палітыкаў не спрабаваў зрабіць тварам партыі, “і за гэта ім вялікая падзяка”.
palitviazni.info
Фота: fakty.ua