Міхаіл Жамчужны і ў калоніі займаецца навукай

Палітвязень Міхаіл Жамчужны напісаў, што пачынаючы з 19 мая, правёў у штрафным ізалятары Горацкай калоніі амаль 70 сутак.

“Тым не менш, Міхаіл не губляе аптымізма і нават знайшоў для сябе за кратамі занятак – займаецца нейкімі навуковымі распрацоўкамі”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік, які лістуецца з палітвязнем.

“Да 29 жніўня Міхаіл Жамчужны быў у ПКТ, але на гэты момант няма інфармацыі пра тое, што з ім зараз адбываецца, – кажа Леанід Свецік.Дарэчы, у жніўні ў Міхаіла быў Дзень нараджэння, яму споўнілася 64 гады”.

Палітвязень адзначае, што ў яго па-ранейшаму праблемы з ліставаннем, многія яго лісты не выпускаюць за межы калоніі, а знішчаюцца.

“Таксама Жамчужны паведаміў, што, пачынаючы з 19 мая, ён правёў у ШІЗА амаль 70 сутак, – дадае праваабаронца. – Пакуль цёплае надвор’е, трываць яшчэ можна, але з наступленнем халадоў усё будзе куды складаней.

А яшчэ Міхаіл распавёў, што вырашыў працягваць у калоніі нейкія навуковыя даследванні, якімі займаўся на волі. Так і час хутчэй ідзе. Усе свае напрацоўкі ён запісвае на паперы, бо ў ПКТ гэта дазволена”.

Нагадаем, што Міхаіл Жамчужны – былы дацэнт Віцебскага тэхналагічнага ўнівэрсітэта, кандыдат тэхнічных навук, вядомы ў акадэмічным асяроддзі даследчык і вынаходнік. У свой час ён займаўся чыстай навукай, кіраваў даследчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманнем вадароду дзеля выкарыстання ў прамысловасці.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Рамашэўскі