Украінскія палітвязні. “Дыверсант” Яўген Паноў

13 ліпеня 2018 году Вярхоўны суд Крыма асудзіў украінца Яўгена Панова да 8 гадоў калоніі строгага рэжыма.

Яго прызналі вінаватым па справе “крымскіх дыверсантаў”.

10 жніўня 2016 года ФСБ Расіі паведаміла пра затрыманне ў Крыме групы “дыверсантаў” і прадухіленні тэрактаў, якія, па звестках расійскіх спецслужбаў, рыхтавала галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. Трыма днямі раней затрымалі ля тайніка Панова. ФСБ сцвярджала, што ўкраінца затрымалі ля тайніка са зброяй і выбухоўкай у раёне Армянска. Сам Паноў казаў, што гэта адбылося на мяжы Крыма і Украіны.

На наступны дзень пасля паведамлення ФСБ на расійскіх тэлеканалах паказалі відэа допыта Панова, які казаў, што служыў у ГУР Украіны і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы дыверсій, называў імёны некаторых іншых удзельнікаў дыверсійнай групы. Пазней Яўген Паноў распавёў адвакату, што пад катаваннямі токам падпісаў дакументы, якія яму далі супрацоўнікі ФСБ і сказаў на камеру тое, што ад яго патрабавалі.

Па версіі самога Панова, яго затрымалі на КПП на мяжы Крыма, пасля чаго білі і катавалі. Праз два дні суд арыштаваў яго на 15 сутак за дробнае хуліганства, а затым абвінавацілі ў падрыхтоўцы дыверсіі ў складзе арганізаванай групы, у замаху на кантрабанду боепрысаў і ў іх незаконым захоўванні. Усяго па справе “крымскіх дыверсантаў” былі арыштаваны дзесяць чалавек.

Хутка ўжо будзе тры гады, як Яўген Паноў знаходзіцца за кратамі ў Расіі. Брат палітвязня Ігар Кацелянец кажа, што за гэты час Яўгену давялося прайсці праз шматлікія выпрабаванні.

«Брат перажыў страшныя катаванні: па яго целу некалькі дзён гуляў ток, канечнасці трэскаліся ад напружання, калі рабілі “ластаўку”, а лёгкім не хапала кісларода, калі душылі, – паведаміў Ігар Кацелянец. – Вытрымаў і застаўся жывы. За гэты час расіяне цягалі яго па многіх турмах, прымушалі супрацоўнічаць з ФСБ, працаваць у калоніі, спяваць расійскі гімн, здзекваліся, як маглі… Паноў вытрымаў усё і не скарыўся.”.

Апошнім разам Яўгена Панова перавялі ў калонію № 6 у Омску, палітвязень паведаміў, што атрымлівае лісты і перадачы, якія дасылаюць па пошце. Ёсць у калоніі і бібліятэка, але ёй пакуль не дазваляюць карыстацца.

Раней упаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава звярнулася да сваёй расійскай калегі Таццяны Маскальковай з просьбай забяспечыць захаванне правоў украінскага грамадзяніна Яўгена Панова, а таксама садзейнічаць у прадастаўленні яму належнай медыцынскай дапамогі афтальмолага, акуліста, неўролага і стаматолага.

Ігар Кацелянец дадае, што ў калоніі Яўген вельмі схуднеў, але, нягледзчы на ўсе складанасці і выпрабаванні, перадае прывітанне ўсім украінцам.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Касьпяровіч
  • Арцём Пракапенка
  • Алег Федаркевіч
  • Віктар Івашкевіч
  • Уладзімер Някляеў