Павел Севярынец: Сотні тысяч людзей даведаліся пра Курапаты…

 Год і два месяцы споўнілася штодзённай варце ў Курапатах ля рэстарана «Поедем поедим».

Адзін з абаронцаў мемарыяла Павел Севярынец падвёў для сайта palitviazni.info вынікі гэтага супрацьстаяння.


Нагадаем, што 30 мая 2018 году адбылася экстранная нарада абаронцаў Курапатаў, на якой быў вызначаны план дзеянняў, а ўжо на наступны дзень прайшла першая акцыя супраць адкрыцця рэстарана.

З таго часу варта праходзіць штодзённа, і абаронцы мемарыяла кажуць, што яна мае бестэрміновы характар…

– Вынікі курапацкай варты ёсць, і яны даволі значныя, – кажа Павел Севярынец. – Па-першае, да Курапатаў аказалася прыцягнута ўвага ўсёй Беларусі. Былі тысячы публікацый у СМІ, вялікая хваля ў сацыяльных сетках…. Мяркую, сотні тысяч людзей альбо даведаліся пра Курапаты, альбо абнавілі свае веды, альбо вырашылі для сябе хоць калі-небудзь наведацца ў гэтае месца.

І гэта самы галоўны вынік, які мы маем. Уся сітуацыя вакол мемарыяла якраз дзеля гэтага – каб мы, беларусы, не забываліся пра тыя гады.

– Курапаты сталі таксама своеасаблівай пляцоўкай, дзе штодзень можна сабрацца пад бел-чырвона-белымі сцягамі…

– Так, сюды можна прыйсці, абмеркаваць нейкія пытанні, падзяліцца думкамі. Такой сталай дзеючай пляцоўкі насамрэч больш нідзе няма. У Курапатах шмат людзей далучыліся да нацыянальнага руху, тут фактычна з’явіўся “Малады фронт”. Актывісты гатовы стаяць на абароне мемарыяла і ў спёку, і ў дождж, і пад пратаколамі.

І яшчэ. У выніку таго, што мы не скарыліся, улада скрозь зубы ўсё-такі прызнала, што ў гэтым месцы пахаваны ахвяры палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў, быў пастаўлены помнік, і гэта таксама дарагога вартае. Грамадства дамаглося афіцыйнага прызнання статуса Курапатаў.

Адначасова мы разумеем, што сам гэты помнік недарэчны ў мастацкім плане. Так званы праект упарадкавання Курапатаў з крыжаломам і агароджай зусім не тое, што хацелі бачыць беларусы.

– Вы працягваеце збіраць базу звестак на людзей, якія прызджаюць у рэстаран?

– Так, база пастаянна папаўняецца, у ёй ужо каля трох тысяч машын і тых, хто наведваўся ва ўстанову. Сярод іх зафіксавана вельмі багата прыхільнікаў “рускага свету”, сталіністаў, людзей у майках з Пуціным, тых, хто фігураваў ва украінскіх базах кшталту “Міратворца”.

І гэта таксама сур’ёзная справа, бо пагроза незалежнасці Беларусі застаецца. Усе мы на прыкладзе Украіны ведаем, што такое гібрыдная вайна. Таму курапацкая варта фіксуе людзей, якія гатовы падрываць незалежнасць краіны, і будзем працягваць іх фіксаваць.

Акрамя таго, хачу сказаць, што Курапаты – гэта своеасаблівы датчык на тое, што будзе, калі тыцкаць іголкай у нервовы вузел Беларусі і правяраць рэакцыю. Пакуль там стаіць шмат людзей (а за год і два месяцы сотні людзей былі на варце толькі з-за таго, што там пабудавалі рэстаран), Масква разумее, які супраціў яе чакае ў выпадку выканання імперскіх планаў. Думаю, такой кампаніі салідарнасці ніхто не чакаў. Нават мне самому дзіўна, што людзі ўжо чатырнаццаць месяцаў вытрымліваюць штодзённую варту. Перасцярогі, што народ стоміцца і спыніць абарону, не пацвердзіліся. Варта стаіць кожны дзень, з’яўляюцца новыя людзі і гэта не можа не ўражваць.

– Як вы ўвогуле паставіліся да таго, што ўлады вырашылі “ўпарадкаваць” Курапаты?

– Насамрэч народны мемарыял жыў і будаваўся сіламі простых беларусаў. Калі б туды заявіўся сёняшні рэжым, то нічога добрага мы б там не ўбачылі. Зараз яны вымушаны афіцыйна прызнаць мемарыял, але хіба гэта робіцца праз крыжалом?

Агароджы з кветачкамі таксама больш падыходзяць для паркавай зоны, а не для месца, дзе растрэльвалі людзей. Забаронена таксама ўсталёўваць новыя крыжы, як гэта так? Зараз не пакасіць траву, не прыбраць, бо гэтым павінен займацца лясгас. Таму, натуральна, тое, што зараз адбываецца ў Курапатах, гэта са знакам мінус.

– У Курапатах апошнім часам было некалькі актаў вандалізма, калі разбівалі лаву Клінтана, псавалі помнікі. Ці ёсць вынікі афіцыйнага расследвання па гэтай справе?

– Наколькі мне вядома, ніякіх вынікаў няма, таму складваецца ўражанне, што вандалы робяць тую ж самую справу, якую робіць і рэжым. Гэта спроба сцерці Курапаты з памяці людзей, знішчыць. Толькі дзяржава гэта спрабуе зрабіць ціхенька, а вандалы ўчыняюць самы сапраўдны гвалт над помнікамі.

Таму гэтых вандалаў так і не знайшлі, няма ніводнага чалавека, хто б адказаў за акты вандалізму. Хаця, здавался б, і фотапасткі ў мемарыяле стаяць, і хутка знаходзіць міліцыя нейкага апазіцыянера, каторы напіша “Жыве Беларусь!” Знойдуць, аштрафуюць, а то і на “суткі” адправяць. А тут — цішыня. Десяткі разоў у Курапатах валілі крыжы, разбуралі лаву Клінтана, білі знічкі на Галгофе, а вінаватых няма. Справа, здаецца, узбуджана, але, мяркую, яна закончыцца тым, чым заканчываліся такія справы і раней – іх закрывалі, бо не маглі знайсці злачынцаў.

– Якім чынам зараз складваюцца адносіны паміж абаронцамі Курапатаў і праваахоўнікамі?

– Часам штрафуюць, бывае, што забіраюць у пастарункі і ізалятар, і ўжо праз суд выпісваюць грашовыя спагнанні. Так што прынцыпова не змяніліся нічога. Але людзі ўсё роўна не баяцца і прыходзяць на варту.

— Не збіраецеся змяняць фармат курапацкай варты?

– Пакуль такіх намераў няма. На мой погляд, варта дзейнічае эфектыўна, рэстаран банкруціцца, бо людзей туды прыязджае мала. Паколькі гэта працуе, варта будзе стаяць. Бестэрмінова. Вельмі верагодна, што з часам улада нешта зменіць у поглядах альбо самі гаспадары рэстарана зразумеюць бессэнсоўнасць губляць грошы. Але мы будзем стаяць. Сілы яшчэ ёсць.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Лябедзька
  • Леанід Сьвецік
  • Яраслаў Грышчэня
  • Анатоль Паўлаў