Дзяніс Урбановіч: У ізалятары амаль двое сутак галадаў

Адзін з абаронцаў Курапатаў Дзяніс Урбановіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як яго затрымалі, утрымлівалі ў ізалятары, а затым судзілі.

“Сам выклікаў міліцыю, а мяне кінулі за краты і далі штраф”, – кажа моладзевы актывіст.

У мінулую суботу падчас Курапацкай варты быў затрыманы маладзёжны актывіст Дзяніс Урбановіч.

Малады чалавек выклікаў міліцыю, каб паскардзіцца на супрацоўніка ДАІ, а ў выніку сам апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання, дзе правёў каля двух сутак.

15 ліпеня Дзяніс Урбановіч быў аштрафаваны Мінскім раённым судом за “дробнае хуліганства” на 30 базавых велічынь (765 рублёў).

“Суд – гэта, безумоўна, цырк яшчэ той, – кажа Дзяніс Урбановіч. – Я рабіў хадайніцтвы, каб у судзе выслухалі сведак з майго боку, але ўсе яны былі адхілены. Выслухалі толькі сведак-міліцыянтаў. Спрабаваў даведацца ў суда, на якіх падставах так робіцца, але мяне і слухаць не захацелі. Маўляў, калі суд так вырашыў, значыцца так і трэба.

Вось і ўсе аргументы! Абсурднай сітуацыя выглядае яшчэ і таму, што гэта я сам выклікаў міліцыю ў Курапатах, а не на мяне выклікалі. Хацеў напісаць заяву на супрацоўніка ДАІ, які мяне абражаў, а ў выніку мяне адвезлі ў адзел міліцыі, дзе адразу ж з’явілася заява ўжо на мяне. Пасля чаго адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе я і знаходзіўся да суда. І як вынік — амаль двое сутак у ізалятары ды яшчэ і штраф у памеры 30 базавых велічынь”.

Дзяніс Урбановіч мяркуе, што, калі б ён не настойваў на напісанні заяву на даішніка, то, напэўна, не было б заявы і на яго.

“Вось такая ў нас прававая дзяржава, – дадае актывіст. – Хаця маю заяву ўсё-такі зарэгістравалі, а таму пазней будзе разбіральніцтва. Праўда, шанцаў на нейкую справядлівасць мала”.

Абаронца Курапатаў адзначае, што ў ізалятары часовага ўтрымання ўмовы былі досыць складаныя.

“Ізалятар вельмі моцна перапоўнены, людзі ляжаць на падлозе, – кажа ён. – Прывезлі партыю – каля 40 чалавек, тры рэйсы рабілі. Дыхаць у камеры не было чым, бруд наўкол. Усе мацюкаліся, бо не было матрацаў. Некаторым дрэнна станавілася, і нават “хуткую” выклікалі.

Ежа была такая, што я нават да яе не датыкаўся, таму давялося пагаладаць амаль двое сутак. Увогуле, складвалася ўражанне, што суды канвеерам працуюць, бо народ везлі без перапынку”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Гайдукоў
  • Славамір Адамовіч
  • Андрэй Клімаў
  • Сяргей Казакоў
  • Максім Дашук