Генадзя Фядыніча па-ранейшаму не пускаюць на лецішча

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, які адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі”, распавёў сайту palitviazni.info, што крымінальна-выканаўчая інспекцыя Цэнтральнага РУУС, як і раней, не дазваляе яму выехаць за горад.

“Прыйдзецца і мне схадзіць у будні дзень у фан-зону Еўрапейскіх гульняў, таму няхай у інспекцыі вырашаюць, дзе больш хочуць мяне бачыць: у фан-зоне ці на лецішчы ў цешчы”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаны вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу. Праваабаронцы назвалі гэтую справу палітычна матываванай.

Згодна з умовамі «хатняй хіміі» Генадзь Фядыніч не мае права знаходзіцца па-за межамі сваёй кватэры з 6 гадзін раніцы да 21.00 у будныя дні і не можа пакідаць межы кватэры ў выхадныя (праўда, не так даўно інспекцыя ўстанавіла новую адлегласць для выхада жылля).

Фядынічу і Комліку забаронена ўжываць алкаголь на ўвесь тэрмін пакарання – 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі падчас усяго тэрміну кантралююць выкананне гэтых умоў, таму могуць прыйсці дадому да іх у любы час дня і ночы.

“Апошнім часам была такая спякота, што ў горадзе проста няма чым дыхаць, – кажа Генадзь Фядыніч. – Разоў пяць звяртаўся ў інспекцыю, каб далі дазвол з’ездзіць у выхадныя дні на лецішча, каб дапамагчы цешчы, але дазвол так і не далі. Праўда, мае звароты былі ў вуснай форме, але зараз буду звяртацца ў вышэйшыя структуры ўжо пісьмова”.

Са слоў Фядыніча, ужо даўно ніхто не прыходзіць правяраць, ці знаходзіцца ён па месцы жыхарства ва ўстаноўлены час.

“Мабыць, усе сілы міліцыя кінула на ахову Еўрапейскіх гульняў, таму, відаць, не да мяне, – дадае прафсаюзны лідар. – Прыйдзецца і мне схадзіць у будны дзень у фан-зону Еўрапейскіх гульняў, таму няхай у інспекцыі вырашаюць, дзе больш хочуць мяне бачыць: у фан-зоне ці на лецішчы ў цешчы”.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхась Субач
  • Кастусь Лукашоў
  • Зьміцер Буланаў
  • Уладзімер Кобец
  • Мікіта Емельянаў