Сяргей Пятрухін: За тыдзень мне сабралі каля 700 рублёў

 Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін працягвае збор сродкаў на пагашэнне штрафа, а 29 красавіка збіраецца падаваць апеляцыю ў Брэсцкі абласны суд.

“Маю намер прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі і, калі не знайду тут справядлівасці, то падам скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН”, – распавёў Сяргей Пятрухін сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што 18 красавіка суд Ленінскага раёна г.Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.188 (“Паклёп”) і ч.2 арт.189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічынь (9180 рублёў, ці 4381 долар). Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РУУС г.Брэста 8500 рублёў, ці 4250 долараў. Усяго Пятрухін абавязаны выплаціць каля 9 тысяч долараў.

“Збор сродкаў на пагашэнне штрафа ідзе на платформе www.molamola.by, – кажа Сяргей Пятрухін. Грамадскасць вырашыла дапамагчы, і такую салідарнасць людзі праяўляюць ужо не першы раз. Калі ў сакавіку мінулага года арыштавалі мой тэлефон, людзі за адзін дзень сабралі грошы, каб я пагасіў іск на 700 долараў.

Калі народ аб’ядноўваецца, гэта вельмі крута. Памятаю, грошы ішлі на банкаўскую картку, як дождж. І зараз за тыдзень ужо сабралі каля 700 рублёў, а адзін чалавек нават гатовы выдаткаваць грошы на аплату 30 працэнтаў штрафа. Я, праўда, пакуль іх не браў, бо мы ж будзем яшчэ абскарджваць рашэнне раённага суда, і, можа быць, суму штрафа хаця б зменшаць”.

Сяргея Пятрухін кажа, што апеляцыю ў Брэсцкі абласны суд плануюць падаць 29 красавіка.

“Я яшчэ раз хачу сказаць, што ніякай абразы ў маіх тэкстах не было, – адзначае блогер. – Я проста паўтарыў словы чалавека, які распавёў пра тое, што з ім здарылася. Маю намер прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі і, калі не знайду тут справядлівасці, то падам скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН”.

palitviazni.info

Фота: belsat.eu

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Дубскі
  • Аксана Новікава
  • Аляксандар Баразенка