Павел Севярынец: Ужо 11 месяцаў стаім на варце Курапатаў

Днямі выйшаў на волю былы палітзняволены Павел Севярынец, які адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары за абарону Курапатаў пры зносе крыжоў.

“Ужо 11 месяцаў стаім на варце Курапатаў, і, пакуль будуць людзі, варта працягнецца”, – распавёў Павел сайту palitviazni.info.

Каля 11 месяцаў працягваецца пікетаванне рэстарана “Поедем, поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран працягвае працу.

Тым часам, улады вырашылі знесці крыжы, якія былі пастаўлены грамадскімі актывістамі. Паўла Севярынца затрымалі 5 красавіка, калі зносілі крыжы. Яму прысудзілі да 15 сутак арышту: за дробнае хуліганства (5 сутак) і непадпарадкаванне міліцыі (10 сутак).

“На “сутках” было ўсё як звычайна, самыя галоўныя падзеі адбыліся да гэтага, калі зносілі крыжы, – кажа Павел Севярынец. – Я дапускаў, што мяне могуць адправіць за краты, хаця пратаколы былі цалкам сфабрыкаваны. Складана нешта даказаць у судзе людзям, якія цябе проста не хочуць чуць”.

Павел Севярынец адзначае, што ў хуткім часе адбудзецца канферэнцыя па тэме Курапатаў, зараз яе арганізатары шукаюць памяшканне.

“Акрамя таго, мы праводзім малітвы ў Курапатах, – дадае Павел. – Варта таксама працягваецца, і, пакуль ёсць людзі, яна будзе стаяць. Дарэчы, на днях будзе роўна 11 месяцаў, як працягваецца варта. Рэстаран, натуральна, працуе, але сярэдняя наведвальнасць не вельмі вялікая – 10-12 машын у дзень прыязджае. Трэба сказаць, што пасля таго, як знеслі крыжы, адміністрацыя рэстарана сталі цішэй сябе весці, і ўжо не так сябе нахабна паводзіць. Але абарона Курапатаў, як ужо казаў, будзе працягвацца”.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Койпіш
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Віталь Рымашэўскі
  • Анатоль Паўлаў
  • Зьміцер Даронін