Мінскі гарадскі суд не задаволіў апеляцыю Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча

18 красавіка Мінскі гарадскі суд разглядаў апеляцыю лідараў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча і пакінуў у сіле рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска.

“Мы пройдзем усе прыступкі абскарджвання, а таму будзем звяртацца і ў Вярхоўны суд”, – распавёў Ігар Комлік сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што 14 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку было адмоўлена ў іх іскавых патрабаваннях. Іск аб абароне гонара, годнасці і дзелавой рэпутацыі быў пададзены да сайта belnovosti.by.

У маі мінулага года, калі прысуд фігурантам палітычна матываванай “справы прафсаюза” яшчэ не быў вынесены, на вышэйзгаданым сайце з’явілася публікацыя пад назвай “Фіктыўны РЭП Фядыніча”. Адказчыкам на судзе выступала юрыдычная асоба – прыватнае унітарнае прадпрыемства “Медыя Навіны”.

“Мінскі гарадскі суд разглядаў нашу апеляцыйную скаргу, але пакінуў рашэнне раённай інстанцыі ў сіле, – кажа Ігар Комлік. Як у такім выпадку можна давяраць беларускім судам? На мяне публічна наводзілі паклёп, але, аказваецца, так у Беларусі ў некаторых выпадках можна. Калі мы за прафсаюзныя грошы набылі сабе маёмасць (як паведамлялася ў артыкуле), то няхай суд пакажа нам яе. І абавяжа вярнуць мне тую маёмасць, пра якую паведамлялася”.

Ігар Комлік дадае, што яны з Генадзем Фядынічам асбкардзяць і рашэнне Мінскага гарадскога суда.

“Трэба паказваць, наколькі абсурдная наша сістэма, – кажа суразмоўца. – Паказваць, наколькі яна бруднымі метадамі дзейнічае, калі чорнае называе белым. Але абяцаю, што пройдзем усе судовыя інстанцыі — і ўнутры краіны, і за мяжой”.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Волчак
  • Эніра Браніцкая
  • Уладзімер Кобец
  • Алег Сурган
  • Міхаіл Пашкевіч