Павел Севярынец: У такіх выпадках кажуць: няма слоў!

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец, які зараз адбывае пакаранне на “сутках”, перад сваім затрыманнем распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму ўлады зараз вырашылі ўзмацніць рэпрэсіі.

Затрыманні і штрафы на Дзень волі, знос крыжаў у Курапатах, вобшукі ў офісе тэлеканала Белсат і накіраванне на “суткі” найбольш актыўных палітыкаў і грамадскіх дзеючаў — усё гэта мы бачым у апошні час.

8 красавіка ў судзе Мінскага раёна адбыўся адміністратыўны працэс над абаронцам Курапатаў Паўлам Севярынцам. Яго асудзілі на 15 сутак арышту, і зараз ён працягвае знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Чаму ўзнялася гэтая хваля рэпрэсій?

“Мяркую, беларуская ўлада хоча паказаць Маскве, што яна не падтрымлівае нацыянальны беларускі рух, – распавёў Павел Севярынец акурат перад сваім затрыманнем. – У такіх выпадках кажуць: няма слоў!

Калі ўлады хочуць абараніць беларускую незалежнасць, пра што ўвесь час кажа беларускі кіраўнік, то трэба падтрымліваць патрыётаў. Яму самому трэба выходзіць з бел-чырвона-белым сцягам на Дзень волі. Але, як мы бачым, на тых, хто насамрэч выступае за незалежнасць ціснуць і кідаюць за краты”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Андрэй Пачобут
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Алесь Кіркевіч
  • Цімох Дранчук