Павел Севярынец: Паколькі выклік кінуты Богу, то Гасподзь сваю справу зробіць

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як яго затрымлівалі ў Курапатах, пра зносы крыжаў і далейшы план абаронцаў мемарыяла.

“Калі працягнуць ламаць крыжы, то мы будзем іх абараняць, – кажа палітык. – Таксама ў гэтым месцы будзем арганізоўваць малітвы і нагляд за тым, якія працы там вядуцца”.

Як вядома, 4 красавіка ў Курапатах – месцы масавага пахавання растраляных у сталінскія часы людзей, мясцовыя ўлады пачалі вывозіць крыжы, якія грамадскасць паставіла за ўласныя грошы у памяць аб ахвярах растрэлаў. Пры гэтым многія актывісты і палітыкі былі затрыманы.

“Мяне затрымалі, калі я спрабаваў высвятліць, навошта вывозяць крыжы, – кажа Павел Севярынец.АМАПаўцы ў цывільным накінуліся на мяне, запіхалі ў машыну і адвезлі ў аддзяленне міліцыі.

Напэўна, такім чынам хацелі ізаляваць усіх, хто мог перашкодзіць іх сатанінскай працы. На мяне склалі два пратаколы быццам бы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і кінулі аднаго ў камеру”.

Павел Севярынец адзначае, што чуў, як прывозілі і іншых затрыманых маладофрантаўцаў.

“Разам з імі мы заводзілі скандзіраванне “Жыве Беларусь!”, і пасля гэтага міліцыя пачала эвакуіраваць затрыманых з іншых камер, – працягвае суразмоўца. – Куды іх павезлі – незразумела. Магчыма, у СІЗА ў Жодзіна, бо, магчыма, баяліся бунту.

Трымалі да самага вечара. Затым мяне выклікаў начальнік райаддзела, які паведаміў, што 18 ці 19 красавіка мяне будуць судзіць, пасля чаго адпусцілі”.

Пра сітуацыю, якая зараз склалася ў Курапатах Павел Севярынец кажа так:

“Суды над абаронцамі Курапатаў прызначаны на 18 і 19 красавіка, і ў гэты ж час будзе выступаць беларускі кіраўнік да парламента і народа. Масква дае Беларусі крэдыт на 600 мільёнаў даляраў. У выніку ламаюць крыжы ў Курапатах. Таму разумным людзям абсалютна зразумела, што зараз адбываецца. Беларуская ўлада, як была камуністычнай, так ёй і засталася. Але, паколькі выклік кінуты Богу, то Гасподзь сваю справу зробіць”.

Палітык дадае, што актывісты працягнуць стаяць на варце ў Курапатах.

“Калі працягнуць ламаць крыжы, то мы будзем іх абараняць, – кажа Павел Севярынец. – Таксама ў гэтым месцы будзем арганізоўваць малітвы і нагляд за тым, якія працы там вядуцца.

Акрамя таго, у самы бліжэйшы час будзе агучана пазіцыя ўсіх абаронцаў Курапатаў. Маё меркаванне такое: гэтае месца трэба абараняць”.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Артур Фінькевіч