Алег Трусаў: Тыя, хто знішчаў крыжы, вельмі кепска скончылі…

Сёння, 4 красавіка, у Курапатах мясцовыя ўлады пачалі вывозіць крыжы, якія грамадскасць паставіла за ўласныя грошы у памяць аб ахвярах сталінскіх растрэлаў. Пры гэтым многія актывісты і палітыкі былі затрыманы.

“Тыя, хто ініцыянаваў гэтую кампанію, павінны памятаць пра ўрокі гісторыі, – распавёў сайту palitviazni.info гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў. – Курапаты ў сталінскія часы таксама былі агароджаны драўляным плотам, каб ніхто не бачыў, што там робіцца. Дзеці лазілі пад гэты плот і бачылі растрэлы…”

Сёння ў Курапатах былі затрыманы каля 15 чалавек: Павел Севярынец, Дзяніс Урбановіч, Зміцер Дашкевіч, Ніна Багінская…

“Я хачу нагадаць, што гэта не проста 100 крыжоў усталяваных Зьмітром з паплечнікамі, якія не спадабаліся Лукашэнку, – наспісала на сваёй старонцы ў Фэйсбук Наста Дашкевіч, жонка затрыманага Змітра Дашкевіча. – Гэта помнікі і сведчанне вялікага грамадскага чыну…

Ніколі, ніколі ў гэтай краіне ні халеры не паменяецца, пакуль Курапаты і сталінскія рэпрэсіі не будуць прызнанымі ўладамі/грамадствам, як гарантыя недапушчальнасці палітычных уціскаў, забойстваў. Як мяжа, што праведзена чырвонай крывёю, дзе ёсць палітычнае кіраванне – як клопат пра людзей, а ёсць – як клопат пра ўласную ўладу. Пра гуманізм, пра дэмакратыю, пра недапушчальнасць дыктарур, таталітарызма і праяваў рознай іншай палітычнай шызафрэніі”.

– На маю думку, пазначыць на мясцовасці ля Курапатаў нейкую ахоўную зону трэба было даўно і тады б не з’явіліся побач ніякія рэстараны, – кажа Алег Трусаў. – Людзі гэтага дабівалася гадоў дваццаць. Але, калі там паставяць нейкую страшную агароджу, дык мы тады вернемся ізноў у 1937-ы год. Бо Курапаты ў тыя часы былі агароджаны драўляным плотам, каб ніхто не бачыў, што там робіцца. Дзеці лазілі пад гэты плот і бачылі растрэлы.

Так што ідэю паставіць агароджу найперш трэба было ўзгадніць з грамадствам, а не проста, нікому нічога не кажучы, прыехаць і пачынаць вывозіць крыжы ды ставіць агароджу.

– А што датычыцца вывазу крыжаў…

– Па-першае, як можна вывозіць не сваё? Па-дрыгое, мне гэта нагадвае хрушчоўскія часы. Па загаду Хрушчова былі знішчаны ўсе прыдарожныя крыжы і амаль усе капліцы (асабліва на беларускім Палессі). Дарэчы, тыя людзі, якія рабіў гэтую брудную справу, вельмі кепска скончылі.

Я памятаю, як бабулі пракліналі тых, хто збіваў крыжы з царквы, і затым гэтыя людзі памерлі вельмі хутка і вельмі кепскай смерцю. Тыя, хто ламаў крыжы, не разумелі, што яны робяць. Бо самы высшы суддзя – гэта Бог. А знішчаць крыжы – гэта святатацтва і вяртанне да камунізма 60-х гадоў.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні