Палітвязень Міхаіл Жамчужны пасля ШІЗА атрымаў мянушку “Маджахед”

Міхаіл Жамчужны бліжэйшыя тры месяцы правядзе ў памяшканні камернага тыпу ў калоніі ў Горках, куды ён быў пераведзены 21 лютага пасля таго, як адбыў чарговыя 10 сутак у ШІЗА.

“Жамчужны трымаецца мужна і нават радуецца, што лёс даслаў яму такое выпрабаванне”, – распавяла сайту palitviazni.info грамадская актывістка Вольга Мікалайчык, якая днямі атрымала ліст ад палітвязня.


Як паведамляе spring96.org, у агульнай суме, з моманту пераводу Міхаіла Жамчужнага ў ліпені 2017 года ў папраўчую калонію г. Горкі ў дачыненні да яго 26 разоў ўжываліся меры дысцыплінарнага спагнання. Толькі за перыяд з сярэдзіны кастрычніка мінулага года па студзень гэтага, Жамчужны правёў у ШІЗА 35 сутак і адзін месяц у ПКТ.

“Найперш Міхаіл напісаў: ён усцешаны тым, што пераведзены з ШІЗА (штрафнога ізалятара) ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), – кажа Вольга Мікалайчык. – Натуральна, у ШІЗА Жамчужны не галіўся і пасля таго, як выйшаў з ШІЗА з барадой, яму нават далі мянушку “Маджахед”. Піша таксама, што зараз у ПКТ ён мае магчымасць чытаць, пісаць лісты і “есці сала ў шакаладзе”, дзякуючы таму, што журналістка Ірына Халіп перавяла яму на рахунак добрую суму грошай, якія можна патраціць на прадукты”.

Са слоў грамадскай актывісткі, Міхаіл Жамчужны не скардзіцца на тое, што з ім зараз адбываецца, а наадварот дзякуе Госпада, што яму дадзена прайсці ўсе гэтыя выпрабаванні.

“Міхаіл паведамляе, што шчаслівы гэтым выпрабаванням, і ўсё вытрымае, – працягвае сурказмоўцпа. – Яны робяць яго вольным. Інтанацыі ў лістах Жамчужнагаг больш аптымістычныя, ён вельмі іранічна ставіцца да сваіх пакутаў. Адным словам, дарослы мудры і інтылектуальны чалавек. І ўвесь ліст пранізаны светлым настроем, бо, як бачым, Міхаіл радуецца нават таму, што знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, а не ў ШІЗА, дзе няма ні гарбаты, ні прэсы, ні лістоў”.

Жамчужны паведаміў таксама, што скардзіўся на тое, што не можа адбываць пакаранне ў ПКТ і ШІЗА, бо не мае на тое здароўя, але ўсе скаргі вярталіся назад.

“А вось дактары калоніі пасля гэтага чамусьці звальняліся, – дадае Вольга Мікалайчык. – Можа гэта такое супадзенне, а можа і насамрэч адбываюцца нейкія ўнутраныя рэакцыі на скаргі Міхаіла. Гэта і добра, бо Жамчужны па-ранейшаму знаходзіцца пад кантролем грамадскасці. У адваротным выпадку яго маглі б закатаваць за кратамі ўшчэнт”.

Са слоў Мікалайчык, палітвязень таксама распавёў, што агулам ён ужо правёў у ШІЗА каля 400 сутак – больш за год.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Падтрымаць Міхаіла Жамчужнага можна лістамі і паштоўкамі па адрасе: ПК-9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, 213410.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Гнедчык
  • Уладзімер Лыско
  • Віталь Мацукевіч
  • Андрэй Рамашэўскі