Валянцін Стэфановіч: Улады не збіраліся апраўдваць Марыну Золатаву

4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска агучыў прысуд галоўнаму рэдактару партала Tut.by Марыне Золатавай па ч.2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса за «бяздзеянне службовай асобы».

“Улады нарабілі шмат гвалту з нічога, а пасля ламалі галаву, як выйсці з гэтай сітуацыі”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.


Нагадаем, што Марына Золатава прызнана вінаватай і асуджана да штрафу ў памеры 7650 рублёў. Таксама суд вырашыў спагнаць з яе выдаткі БелТА на адвакатаў у суме 6000 рублёў.

“Штраф для Марыны Золатавай – досыць прагназуемы прысуд, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Калі мы меркавалі, што так і будзе, то зыходзілі з таго, што ва ўладаў хопіць розума не прыбягаць да жорсткіх мераў пакарання. Калі б было пазбаўленне волі, то гэта выклікала б вялізны скандал”.

Са слоў праваабаронцы, апраўдаць Марыну Золатаву ўлады таксама не маглі.

“Паколькі справа дайшла да суда, было прынцыпова прызнаць Золатаву вінаватай, таму ніхто яе апраўдваць і не збіраўся, – працягвае суразмоўца. – І далі штраф нават меншы, чым запрасіў пракурор. Мы апасаліся, што можа быць забарона на права займаць кіруючыя пасады, але ўлады і на гэта не пайшлі”.

Валяцін Стэфановіч дадае, што такі прысуд яшчэ раз паказвае абсалютна непрапарцыйна жорсткую рэакцыю на “справу БЕЛТА” з самага пачатку.

“Навошта былі ўсе тыя затрыманні, дэманстратыўныя ператрусы? – задаецца пытаннем праваабаронца. – Усё гэта можна было вырашыць у эканамічнай плоскасці, а не з дапамогай Крымінальнага кодэкса. Улады нарабілі шмат гвалту з нічога, а пасля ламалі галаву, як выйсці з гэтай сітуацыі”.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Марыніч
  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Мікіта Ліхавід
  • Арцём Пракапенка