Ці законна праслухоўвалі журналістаў TUT.BY?

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла патлумачыў сайту palitviazni.info, чаму праслухоўванне Марыны Золатавай супярэчыць нормам закона.

“Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы могуць праводзіцца па цяжкіх злачынствах, калі органам, які вядуць крымінальны працэс, вядома, што такое злачынства рыхтуецца, – кажа юрыст. – А “справа БЕЛТА” зусім з іншай оперы. Тым больш, што праслухоўвалі журналістаў яшчэ да таго, як была ўзбуджана крымінальная справа…”

Нагадаем, што падчас судовага працэса дзяржаўны абвінаваўца папрасіла далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы санкцыю генеральнага пракурора ад 19 сакавіка 2018 года на правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да Золатавай. Стала вядома, што галоўнага рэдактара TUT.BY праслухоўвалі са згоды Пракуратуры і яшчэ да таго, як распачалася крымінальная справа.

Адвакат Золатавай падкрэсліла, што ў дакуменце няма наогул ніякіх падстаў для праслухоўвання. На той момант не было ні крымінальнай справы, ні нават праверкі!

“На падставе тых фактаў пра праслухоўванне журналістаў, якія сталі вядомы ў судзе, можна зрабіць выснову, што яно было незаконным, – кажа Гары Паганяйла. – Праслухоўванне – гэта аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, якія звязаны з жорсткім абмежаваннем права грамадзян на таямніцу асабістай і службовай інфармацыі.

Такога кшталту мерапрыемствы могуць праводзіцца па цяжкіх злачынствах, калі органам, які вядуць крымінальны працэс, вядома, што такое злачынства рыхтуецца. У тым ліку, і злачынствы тэрарыстычнай ці карупцыйнай накіраванасці. Альбо ёсць пагроза жыццю людзей.

А “справа БЕЛТА” зусім з іншай оперы. Тым больш, што стала вядома: праслухоўвалі журналістаў яшчэ да таго, як кіраўнік БЕЛТА падала заяву ў міліцыю і была ўзбуджана крымінальная справа”.

Гары Паганяйла не выключае, што ў такім выпадку пракурорская санкцыя магла быць атрымана ў абыход закона і аформлена “заднім лікам”, каб затым апраўдаць тую інфармацыю, што была атрымана ў выніку такога аператыўнага праслухоўвання.

“На судзе яшчэ раз было пацверджана – у Беларусі за прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці і незалежных СМІ сочаць і іх праслухоўваюць, – робіць выснову юрыст. – Улады хочуць татальна кантраляваць дзеянні дэмакратычнай часткі грамадства, хаця нярэдка пад гэты кантроль трапляюць і самі чыноўнікі. Такая прырода ўлады”.

Гары Паганяйла дадае, што адвакаты, якія абараняюць Марыну Золатаву, павінны былі больш жорстка крытыкаваць органы крымінальнага пераследу і тыя доказы, якія здабывалі незаконнымі неканстытуцыйнымі метадамі.

“Калі санкцыя на праслухоўванне была выдадзена незаконна, то і тыя доказы ў судзе не маюць пад сабой ніякай юрыдычнай сілы, — адзначае Гары Пятровіч. – Гэтыя “доказы” трэба публічна аспрэчваць і, такім чынам, паказваць, што ўлада паступае незаконна.

А суд, калі будзе выносіць канчатковае рашэнне, абавязаны ацаніць з гэтых пазіцый кожны з тых доказаў, які будзе падвергнуты крытыцы. І, натуральна, прыняць усё гэта да ўвагі і пакласці ў аснову прысуда”.

Нагадаем, што дзяржаўны абвінаваўца Юлія Харчэйкіна падчас судовых спрэчак 25 лютага папрасіла суд прызнаць галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву вінаватай паводле арт.425 ч.2 КК (бяздзейнасць службовай асобы) і прызначыць ёй штраф у памеры 1 тыс. базавых велічынь (25 тыс. 500 рублёў).

Прысуд галоўнаму рэдактару партала TUT.by Марыне Золатавай будзе абвешчаны 4 сакавіка.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Міхаіл Чыгір
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Валеры Шчукін
  • Аксана Новікава