Павел Севярынец: 9 лютага абаронцы Курапатаў паб’юць рэкорд

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавядае сайту palitviazni.info пра восем месяцаў абароны Курапатаў, рэпрэсіі ў дачыненні да абаронцаў і акты вандалізму ў мемарыяле.

“На жаль, улада сёння не з тымі, у каго стралялі, а з тымі, хто страляў. Таму муляе ім вока і “лава Клінтана”, і тыя крыжы, што паставілі абаронцы Курапатаў”, – кажа суразмоўца.

Больш за 8 месяцаў працягваецца пікетаванне рэстарана “Поедем, поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

Як вядома, пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран працягвае працу.

– Абарона Курапатаў працягваецца, – кажа Павел Севярынец. – І ўжо больш за восем месяцаў, як гэтая абарона ідзе. 9 лютага, дарэчы, будзе пабіты рэкорд 2001-2002 гадоў. Тады варта ў Курапатах стаяла восем з паловай месяцаў. Але ў той час абаронцы былі ў намётах, а зараз людзі стаяць наўпрост на вуліцы.

– Пакуль у планах абаронцаў ніякіх зменаў няма?

– Усё па-ранейшаму, людзі вырашылі, што будзем стаяць да перамогі. І вынік ёсць. У рэстаран прыязджаюць, але карціна прыблізна аднолькавая. У буднія дні гэтае месца наведваюць усяго некалькі чалавек, а ў выхадныя могуць быць і некалькі дзесяткаў, калі там арганізоўваецца нейкі карпаратыў ці фуршэт. Але ў той жа час многія разварочваюцца і з’язджаюць пасля таго, як мы распавядаем пра Курапаты. Таму сёняшняя сітуацыя для рэстарана такога памеру – гэта прамы шлях да банкруцтва.

Ёсць народны байкот гэтай установы, многія пастаўшчыкі адмаўляюцца везці туды свае тавары. Нават некаторыя таксісты не хочуць забіраць кліентаў у вышэйзгаданым рэстаране.

Таксама ажыцяўляецца фіксацыя тых людзей, якія наведваюць установу. Яны адразу трапляюць у адкрытую базу звестак.

– А ці працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў?

– ДАІшнікі выпісваюць штрафы рэгулярна, рэдкі дзень абыходзіцца без гэтага. Праўда, апошнім часам людзей перасталі адпраўляць на “суткі”. Можа быць, няпярэдадні Еўрапейскіх гульняў улады не хочуць мець дадаковы негатыўны рэзананс. Але ўсё балансуе на мяжы. Усё роўна прыязджаюць і пагражаюць абаронцам, выпісваюць непамерныя штрафы.

– Днямі ў Курапатах вандалы зруйнавалі “лаву Клінтана”…

– Як вядома, гэтая лава з надпісам “Ад народа Злучаных Штатаў Амерыкі народу Беларусі дзеля памяці” была ўсталявана 15 студзеня 1994 года, калі прэзідэнт ЗША Біл Клінтан прыехаў у Беларусь з афіцыйным візітам і знайшоў час наведаць месца масавага пахавання ахвяраў сталінскага рэжыму.

Мемарыяльны знак вельмі багата разоў разбівалі, зараз нават падлічыць складана. Але зараз лава атрымала самыя вялікія пашкоджанні – яе раздзяўблі на чатыры кавалкі. Зараз разбілі так, каб знак складана было аднавіць, а надпіс ужо не чытаўся. Хаця, думаю, аднавіць мемарыяльны помнік ўсё-такі ўдасца.

– Ваш прагноз: ці знойдзе міліцыя вандалаў?

– У мінулыя ж разы нікога не знаходзілі. Аднойчы затрымалі двух падлеткаў, якія, на мой погляд, былі проста выканаўцамі, але суд палічыў недаказаным, што акты вандалізма ўчынілі яны.

А 19 снежня мінулага году нейкі мужчына з кувалдай хацеў таксама разбіць лаву, але абаронцы Курапат яго напалохалі, і той збег.

Мы рэгулярна паведамлялі ў міліцыю пра такія факты, але ў іх, напэўна, іншыя задачы. Абаронцаў Курапатаў караюць нават за тое, што яны не робяць. І штрафуюць, і садзяць на “суткі” ні за што. А вось сапраўдных вандалаў, якія разбіваюць помнікі, не знаходзяць. Альбо адпускаюць, калі некага і затрымаюць.

Таму карціна відавочная. На жаль, улада сёння не з тымі, каго стралялі, а з тымі, хто страляў. Таму муляе ім вока і гэтая лавачка, і тыя крыжы, што паставілі абаронцы Курапатаў. З такімі раследваннямі, якія ёсць, няма ніякіх спадзяванняў, што вандалаў знойдуць, і яны будуць пакарныя.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Някляеў
  • Зьміцер Касьпяровіч
  • Зьміцер Новік