Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

Суд над галоўным рэдактарам Tut.by Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага.

Палітык і былы палітвязень Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info, чаму распачалася “справа БЕЛТА”, і якім можа быць прысуд галоўнаму рэдактару TUT.BY.

“З усёй гэтай справы атрымаўся чарговы пшык, хаця сілавікам пры гэтым трэба неяк захаваць твар, – кажа суразмоўца. – Таму справа Золатавай і дайшла да суда”.


Працэс над галоўным рэдактарам Tut.by Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага. Справу будзе разглядаць суд Заводскага раёна Мінска. Аднак, хутчэй за ўсё, працэс пройдзе ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска, дзе ёсць прасторнейшыя памяшканні. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачванні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю.

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўнага рэдактара партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

– Найперш хачу сказаць пра прычыны таго, чаму з’явілася на свет гэтая справа, – кажа Уладзімір Някляеў. – На мой погляд, адна з прычын палягае ў тым, што праваахоўным органам (у першую чаргу – спецслужбам) трэба рэгулярна паказваць кіраўніку дзяржавы тое, як яны змагаюцца з ворагамі рэжыма. У тым ліку, і з незалежнымі выданнямі, якія маюць сваю пазіцыю і робяць нейкія высілкі ў накірунку таго, каб краіна развівалася дэмакратычным шляхам.

Аднак, як бачым, з усёй гэтай справы атрымаўся чарговы пшык, хаця сілавікам пры гэтым трэба неяк захаваць твар. Таму справа Марыны Золатавай і дайшла да суда.

– Ёсць меркаванне, што гэта быў удар менавіта па парталу TUT.BY – самаму масаваму Інтэрнэт-выданні Беларусі, якога ўлады ўжо даўно не могуць узяць пад свой кантроль.

– І гэта таксама. Журналісты, якія там працуюць, бачылі і бачаць, што адбываецца ў краіне, пішуць, пра гэта, таму выданне ў пэўным сэнсе палітызавалася. Улічаючы, якая шмалікая аўдыторыя ў TUT.BY, палітызацыя гэтага партала стала ўжо небяспечнай для ўлады.

Праз судовы працэс над Золатавай вырашана ўдарыць па іміджу партала, звязаць яго нейкім чынам з крыміналам, фінансавымі махінацыямі і праблемамі. Вырашылі паглядзець, што з гэтага атрымаецца.

— І што можа атрымацца?

– Практычна нічога такія захады не дадуць, бо людзі, якія прывязаны да дзяржаўных СМІ (а менавіта яны будуць асвятляць гэты працэс у “патрэбным” святле), ніяк не звязаны з незалежнымі парталамі. Але ж усё роўна будуць рабіць выгляд, што ў гэтай справе – толькі крымінал.

Яны пайшлі на гэтую справу, не зважаючы на тое, што гэта негатыўна будзе ўспрынята ў цяперашніх заходніх партнёраў беларускай улады. І значыцца гэта для іх важна. Для сёняшняга рэжыма, відаць, унутраная палітыка захавання ўлады куды больш важная, чым знешняя.

– Якімі вам бачацца перспектывы суда над Марынай Золатавай?

– Мяркую, ёй дадуць вялікі штраф, з якім дастаткова забяспечаны партал справіцца. Не выключаю, што могуць пайсці і на дамашні арышт. Такі ж прысуд атрымалі і кіраўнікі прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Там таксама абсалютна палітычная справа, але ж улады пайшлі на такі прысуд.

А вось рэальнага тэрміна зняволення наўрад ці будуць дамагацца, бо гэта будзе вельмі негатыўна ўспрынята Захадам, калі падчас дыялогу журналістаў будуць у Беларусі садзіць за краты. І, тым самым, наўпрост біць па тым самым дыялогу і магчымасці нешта з яго атрымаць.

– Гучныя палітычныя справы ў беларусі не заканчваюцца, хаця нейкая лібералізацыя быццам бы і ёсць. Закончылася “справа патрыётаў” – пачалася “справа прафсаюзаў”. Асудзілі прафсаюзных актывістаў – узяліся за журналістаў. Працяг будзе?

– Пакуль будзе існаваць таталітарны рэжым, сутнасць якога ў пастаянным ціску на ўсе дэмакратычна скіраваныя арганізацыі, да таго часу будуць гучныя палітычныя справы. Інакш і быць не можа, бо прынцыповыя супярэчнасці паміж грамадствам і ўладай нікуды не зніклі.

Іншая рэч, як гэта будзе выглядаць. Пакуль што рэпрэсіі, скажам так, малакроўныя, але яны могуць і ўзмацніцца падчас выбарчай кампаніі. Больш за тое. У выпадку ўзмацнення рэпрэсій сёняшнія палітычныя арыштанты трапяць у куды больш жорсткія ўмовы, бо раней на іх баку быў увесь дэмакратычны свет. А зараз, калі афіцыйны Мінск вядзе гульню з Захадам і Расеяй і з’яўляецца як быццам гарантам цішыні ў рэгіёне, то цяперашніх “палітычных” асабліва ніхто падтрымліваць у Еўропе не будзе.

palitviazni.info

Фота: Фото Socialweekendbelarus/ Facebook

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казакоў
  • Кацярына Садоўская
  • Павал Севярынец
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Зьміцер Касьпяровіч