Ігар Комлік: Любы вынік суда для нас будзе станоўчым

Сёння, 25 студзеня, у 14.30 у судзе Цэнтральнага раёна пачнецца разгляд іска аб абароне гонара, годнасці і дзелавой рэпутацыі, які падалі лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік да сайта belnovosti.by.

“Я вывучаў справу, і ніякай інфармацыі з нагоды нейкай маёй міфічнай маёмасці там няма, – распавёў Ігар Комлік сайту palitviazni.info. – Акрамя таго, і на судзе пра гэта нават размовы не ішло. Калі б там высвятлілася, што мы кралі прафсаюзныя грошы, і на іх куплялі сабе дамы і кватэры, то нас бы судзілі не за нясплату падаткаў, а зусім па іншым артыкуле”.

У маі мінулага года, калі прысуд фігурантам “справы прафсаюза” Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку не быў вынесены, на вышэйзгаданым сайце з’явілася публікацыя пад назвай “Фіктыўны РЭП Фядыніча”.

У артыкуле, у прыватнасці, сцвярджалася: “У 2015 годзе Комлік набыў двухпакаёвую кватэру коштам не менш за 42 тысячы еўра і дом за горадам – каля 42 тысяч еўра. Фядыніч, як сапраўдны лідар і абаронца працоўных, у тым жа 2015 годзе зарэгістраваў дом коштам каля 100 тысяч еўра, які пабудаваў на адным з зямельных участкаў пад Мінскам”.

Яшчэ летам мінулага года Фядыніч і Комлік падавалі іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, але тады суд не прыняў яго да разгляду.

“Зараз мы не выстаўлялі нейкіх матэрыяльных прэтэнзій, просім, каб суд прызнаў пэўныя моманты з публікацыі паклёпам, і гэта было афіцыйна абвергнута, – кажа Ігар Комлік. – Мне, напрыклад, цікава будзе даведацца на судзе, дзе знаходзіцца мая маёмасць. Няхай пакажуць кватэру і дом, якія я быццам бы набыў не так даўно”.

– Матэрыяльныя прэтэнзіі мы пакуль не заяўлялі, бо трэба было плаціць значна большую дзяржаўную пошліну, – кажа Ігар Комлік. – Таму пакуль спыніліся на абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

І вынік суда для нас будзе станоўчым у любым выпадку. Калі вышэйзгаданая публікацыя была палітычным заказам, то, натуральна, ніякай справядлівасці ў судовай зале мы не дачакаемся. Тым больш, што мы ўжо дамагаліся, каб была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп на аўтара публікацыі, але ж нам адмовілі.

А зараз альбо суд прызнае, што ў публікацыі быў паклёп па некаторых фактах публікацыі, альбо мне павінны выдаць дакументы на маёмасць, якую я быццам бы набыў у 2015 годзе.

– І на самай справе бяспройгрышны варыянт…

– А як іначай? Яны ж напісалі, што чатыры гады таму я набыў маёмасці на 84 тысячы еўра. Мне вельмі хацелася на судзе хаця б даведацца, дзе знаходзіцца нерухомасць, якую мне прыпісалі. І нават пагаджуся на тое, каб падчас судовага працэса даказалі, што я насамрэч афіцыйна валодаю гэтай маёмасцю. Я гатовы яе прыняць. Альбо вазьму кампенсацыю грашыма, і нават стол пасля гэтага накрыю Следчаму камітэту.

– Прадстаўнікі сайта сцвярджаюць, што “інфармацыя пра супрацьпраўную дзейнасць Фядыніча і Комліка ўтрымліваецца ў матэрыялах справы”.

– Я вывучаў справу, і ніякай інфармацыі з нагоды нейкай маёй міфічнай маёмасці там няма. Акрамя таго, і на судзе пра гэта нават размовы не ішло. Калі б там высвятлілася, што мы кралі прафсаюзныя грошы, і на іх куплялі сабе дамы і кватэры, то нас бы судзілі не за нясплату падаткаў, а зусім па іншым артыкуле. І, натуральна, канфіскавалі б гэтую маёмасць.

Хаця што тут казаць, калі і сам прысуд нам быў вынесены незаконны. Не на падставе нейкіх доказаў, а на сукупнасці меркаванняў.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў
  • Зьміцер Новік
  • Міхаіл Чыгір