Вячаслаў Касінераў: Ператрус быў настолькі жорсткі, што нават сцены паламалі

Як вядома, былога палітвязня Зміцера Паліенку, а таксама актывістаў Яўгена Чуліцкага і Насту Гусеву падазраюць у нанясенні графіці «Менты убивают людей» на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай 22 снежня мінулага году.

“Ім пагражае альбо вялізны штраф альбо да 3 месяцаў пазбалення волі”, – распавёў сайту palitviazni.info Вячаслаў Касінераў, які ў свой час таксама быў фігурантам “справы графіцістаў”.

Нагадаем, што днямі актывісты былі затрыманы, амаль суткі іх пратрымалі ў ізалятары. Іх падазраюць у нанясенні графіці «Менты убивают людей» на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай 22 снежня 2018 года. Маладых людзей затрымалі на падставе відэа, на якім не бачна твараў.

Распачатая крымінальная справа за апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці. У кватэрах актывістаў прайшлі ператрусы.

“Яны застаюцца падазронымі па справе, – кажа Вячаслаў Касінераў. – У Зміцера ператрус зрабілі вельмі жорсткі. Забралі даволі буйную суму грошай, усю тэхніку — два ноутбукі, вінчэсцер з камп’ютара, лічбавыя носьбіты. Нават сцены паламалі ў кватэры. Рэчы аддадуць у лепшым выпадку праз некалькі дзён, а тэхніку вярнуць, напэўна, яшчэ пазней, бо будуць праводзіцца розныя экспертызы”.

У 2015 годзе Вячаслаў Касінераў таксама праходзіў па так званай “справе графіцістаў” і ў выніку быў асуджаны да штрафу за пашкоджанне маёмасці. Падчас затрымання супрацоўнікі міліцыі зламалі Вячаславу сківіцу, але прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці за празмернае ўжыванне моцы пры затрыманні не атрымалася – на скаргі прыходзілі адказы аб тым, што дзеянні праваахоўнікаў былі правамоцнымі.

“Мы цвёрда стаім на сваіх пазіцыях і не баімся казаць праўду, – казаў тады Вячаслаў. – ствараем вакол сябе тую матрыцу ўзаемаадносін і той варыянт рэчаіснасці, які можа штурхнуць нас наперад, да волі і свабоды думкі, дзеяння, слова. Як казаў адзін вельмі мудры чалавек Махандас Карамчанд Гандзі: “Ты павінен быць тымі зменамі, якія бачыш у будучыні”.

Са слоў Вячаслава Касінерава, хутчэй за ўсё, актывістам выпішуць штраф, хаця максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — да 3 месяцаў арышту.

palitviazni.info

Фота: novychas.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні