Андрэй Бастунец: Сітуацыя з журналістамі-фрылансерамі нагадвае замкнёнае кола

Ціск на журналістаў-фрылансераў працягваецца таксама ў гэтым годзе, і абсалютна відавочна, што на гэта ёсць палітычны заказ.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец распавядае сайту palitviazni.info пра тое, ці будзе ва ўладаў палітычная воля змяніць гэтую сітуацыю.

“Я пакуль не бачу прававога вырашэння вышэйзгаданай праблемы. Можа быць, яна вырашыцца толькі на вышэйшым палітычным узроўні”, – адзначае суразмоўца.

Днямі стала вядома пра чарговы наступ на журналістаў-фрылансераў. Вольга Чайчыц, якая супрацоўнічае з польскім тэлеканалам “Белсат”, была затрыманая 21 студзеня ля ўрочышча Курапаты пад Мінскам. Відэатрансляцыю затрымання Чайчыц вяла ў “Фэйсбуку”, паведамляе БелаПАН.

Чайчыц абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі (артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

У мінулым годзе толькі тых журналістаў, хто супрацоўнічае з «Белсатам», аштрафавалі на рэкордную для каналу суму – больш за 46 тысяч долараў у эквіваленце.

“На грошы, якія сплацілі журналісты і фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», можна ўтрымаць 12 міліцыянтаў, калі возьмем сярэдні гадавы заробак праваахоўніка да аплаты падаткаў”, – паведаміў belsat.eu.

– На жаль, тыя тэндэнцыі, што назіраліся з журналістамі-фрылансерамі ў мінулым годзе, працягваюцца і ў гэтым, – кажа Андрэй Бастунец. – А ў мінулым годзе прадстаўнікі незалежных СМІ атрымалі каля 120 штрафаў за супрацу з замежнымі медыя без акрэдытацыі.

Трэба адзначыць, што пераважна гэтыя штрафы давалі журналістам польскага тэлеканала “Белсат” і польскага “Радыё Рацыя”. Па выніках першага месяца гэтаго году мы бачым, што сітуацыя практычна не змяняецца.

І я не пакуль бачу прававога вырашэння вышэйзгаданай праблемы. Можа быць, яна вырашыцца толькі на вышэйшым палітычным узроўні, праз дыялог паміж Беларуссю і Польшчай альбо ў межах дыялога паміж Еўрасаюзам і беларускімі ўладамі. Гэта, напэўна, ледзь не адзіны шлях, каб змяніць сітуацыю.

– Што з гэтай нагоды кажа Міністэрства замежных спраў Беларусі, бо менавіта МЗС ужо каторы год адмаўляе ў акрэдытацыі журналістам і таго ж “Белсата”, і “Радыё Рацыя”?

– Тут атрымліваецца замкнёнае кола, бо знешнепалітычнае ведамства адмаўляе ў аркдэдытацыі на той падставе, што, маўляў, журналісты гэтых СМІ раней працавалі без акрэдытацыі. Якую не атрымалі, бо такое рашэнне прыняло МЗС.

Але ж за акрэдатыцыяй звярталіся і тыя журналісты, якія да гэтага не супрацоўнічалі з вышэйзгаданымі СМІ. І таксама атрымалі адмову. Хаця, на мой погляд, тут больш пытанняў не да МЗС Беларусі, а да Міністэрства ўнутраных спраў.

– Але ж не акрэдытуе МЗС…

– Нават пры адсутнасці акрэдытацыі прямяненне да журналістаў-фрылансераў Кодэкса аб адмінстратыўных правапарушэннях – гэта занадта жорсткае пакаранне.

– Не так даўно міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў, што «на кожнага фрылансера знойдзецца фрыкоп». Ці азначае, што ў бліжэйшы час МУС сваю пазіцыю па гэтым пытанні змяняць не збіраецца?

– Выглядае, што так і будзе. Увогуле, здзіўляе, калі такія словы гучаць з вуснаў чалавека, які займае такую пасаду, бо я ўжо патлумачыў, чаму ў такой сітуацыі апынуліся неакрэдытаваныя журналісты. Думаю, цудоўна ведае пра гэта і міністр.

– Ці працягвае Беларуская асацыяцыя журналістаў нейкія перамовы з дзяржаўнымі органамі, каб сітуацыя з журналістамі-фрылансерамі змянілася?

– Натуральна, пытанне застаецца на парадку дня не тольк ўнутры краіны, але і ў дыялогу па правах чалавека паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Былі ўжо моманты, калі пераслед у дачыненні да журналістаў-фрылансераў спыняўся, як гэта здарылася напрыканцы 2015 году і ў 2016-м. Шанцы на паляпшэнне сітуацыі існуюць, але, паўтаруся, гэта ўсё ў першую чаргу будзе вырашацца на палітычным узроўні.

– Пэўныя знешнепалітычныя фактары могуць паўплываць на хутчэйшае вырашэнне гэтай праблемы?

– Безумоўна, могуць, калі Беларусь жадае прадэманстраваць рух у еўрапейскім накірунку альбо паказаць нейкія пазітыўныя крокі у бок да дэмакратычных каштоўнасцей. Спыніць практыку пераследу незалежных журналістаў насамрэч вельмі проста.

Тым больш, што зараз актывізуецца расійская прапаганда, а незалежныя СМІ заўсёды стаялі на абароне суверэнітэта. Да слова, расійскія сродкі масавай прапаганды пастаянна вядуць барацьбу супраць тых жа беларускіх незалежных СМІ, якіх дадаткова яшчэ прыцягваюць да адказнасці і беларускія ўлады.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вінцук Вячорка
  • Вадзім Кабанчук
  • Анатоль Паўлаў
  • Уладзімер Яроменак
  • Мікалай Дзядок