Таццяна Равяка: У лістах Жамужнага не бачу нейкага адчаю альбо істэрычнасці…

Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла сайту palitviazni.info пра тое, што давялося перажыць апошнім часам у Горацкай калоніі палітвязню Міхаілу Жамчужнаму.

“Адміністрацыя калоніі, відаць, сама сябе загнала ў кут, – кажа суразмоўца. – Яны пачалі прэсаваць Жамчужнага ды зайшлі вельмі далёка. Увага да палітвязня зараз дастаткова вялікая і для калоніі гэта дадатковы галоўны боль. Патрэбна трымаць пастаянную справаздачу перад грамадскасцю альбо перад дзяржаўнымі ораганамі, якія кантралююць выкананне рэкамендацый Камітэта супраць катаванняў ААН”.

“Антырэкорд ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага, – напісала Таццяна Равяка на сваёй старонцы ў Facebook. – З 517 дзён знаходжання ў Горацкай калоніі №9 (з 13 ліпеня 2017 па 12 снежня 2018 года): 350 сутак у ШІЗА, 124 суткі ў ПКТ, без пакаранняў — 43 суткі. З 12 снежня 2018 году – новы тэрмін у ПКТ на 1 месяц”.

– Для Міхаіла Жамчужнага быў складаны не толькі гэты год, а наогул увесь перыяд адбыцця пакарання ў Горацкай калоніі, – кажа праваабаронца. – За гэты час палітвязень з ШІЗА пераходзіў у ПКТ (памяшканне камернага тыпу), затым ізноў вяртаўся ў штрафны ізалятар, пасля яго кідалі ў ПКТ… У рэдкія дні ён знаходзіўся ў статусе звычайнага зняволенага. Таму пастаянныя пакаранні для Жамчужнага – яго звычайны стан у гэтай калоніі.

– Са зменай кіраўніцтва установы сітуацыя таксама не змянілася…

– Па вялікім рахунку, так. Зараз Жамчужны напісаў, што апошнім разам правёў 51 сутак у ШІЗА, а затым яго адразу адправілі ў ПКТ. Дарэчы, Міхаіл адзначае, што знаходзіцца ва ўмовах поўнай ізаляцыі. Кінулі ў камеру, якая месціцца ўбаку ад агульнага калідора і аддзелена ад яго яшчэ пакоем для кантралёраў.

Жамчужны ў ПКТ – пад назіраннем двух відэакамер, радыё адключана ў гэтай камеры. Адным словам, Міхаілу стварылі своеасаблівы вакуум. Ён паведаміў, што за 51 дзень у ШІЗА ўвогуле не бачыў ніводнага зняволенага і ўвогуле не было прагулак. І ўпершыню прагулка (хаця і ва ўмовах ізаляцыі) яму была прадастаўлена толькі зараз, у снежні, калі перайшоў у ПКТ.

– Лісты з волі да Жамчужнага па-ранейшаму трапляюць з цяжкасцю?

– З верасня ён зусім не атрымліваў ніякіх вестак з волі. Мой ліст, напрыклад, быў адпраўлены яшчэ ў кастрычніку, а дайшоў толькі зараз. Але лісты для яго – гэта важна! Чалавек разумее, што на волі ўвага да яго справы ёсць. Праўда, як ужо казала, карэспандэнцыі даходзяць да яго не рэгулярна.

Думаю, такі інфармацыйны вакуум створаны невыпадкова, бо да справы Жамчужнага прыцягнута вялікая увага. Камітэт супраць катаванняў ААН летам вынес рэкамендацыі адносна справы, заявіў пра неабходнасць правядзення праверкі і ліквідацыі тых зневажальных умоў утрымання, у якіх знаходзіцца палітвязень.

– Не так даўно кіраўнік рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Таццяна Краўчанка заявіла, што яна размаўляла з палітвязнем Міхаілам Жамчужным…

– Гэта хлусня, бо ніякай сустрэчы не было. І, дарэчы, Краўчанка мне пра гэта пісала ў сваім адказе, калі я рабіла запыт з нагоды сітуацыі з палітвязнем. “Не прадаставілася магчымасці сустрэцца з Жамчужным”, – быў яе адказ.

Міхаіл таксама ўжо ведае пра выказванне гэтай кіраўніцы, і па-ранейшаму звяртаецца ў Магілёўскую абласную назіральную камісію. Ён рабіў туды тры запыты, але адказы чамусьці атрымлівае з Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Будзем рабіць захады, каб прадстаўнікі камісій сустрэліся з Міхаілам Жамчужным.

І найбольшая надзея тут на нашых калег. Як вядома, у Магілёўскую абласную грамадска-назіральную камісію ўваходзіць праваабаронца Барыс Бухель, у рэспубліканскую – старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак. Калі яны праявяць настойлівасць, то ёсць надзея на такую сустрэчу. Хаця разумеем, што ў такой сітуацыі ад іх, мабыць, не ўсё і залежыць.

– Што яшчэ паведамляе пра сябе ў лістах Міхаіл Жамчужны?

– Піша, што зараз у ПКТ светла, зрок палепшыўся. А вось у ШІЗА ўмовы былі значна горшыя. Натуральна, інфармуе пра тое, што яго моцна хвалюе адсутнасць карэспандэнцый, затрымкі і знішчэнне лістоў. А знішчаюць пад матывацыяй, што, маўляў, лісты могуць нанесці… шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

Адным словам, аблога і ізаляцыя відавочныя, хаця ў той жа час адчуваецца праз лісты спакойны стан Жамчужнага. Я не бачу нейкага адчаю альбо істэрычнасці. Лісты даволі спакойныя, дзелавыя і вытрыманыя. Дзесьці нават з гумарам.

А адміністрацыя калоніі, відаць, сама сябе загнала ў кут. Яны пачалі прэсаваць Жамчужнага ды зайшлі вельмі далёка. Увага да Жамчужнага зараз дастаткова вялікая і для калоніі гэта дадатковы галоўны боль, бо патрэбна трымаць пастаянную справаздачу перад грамадскасцю альбо перад дзяржаўнымі ораганамі, якія кантралююць выкананне рэкамендацый Камітэта супраць катаванняў ААН. Не думаю, што ўзгадванне калоніі, як месца, дзе адбываюцца жахлівыя сітуацыі са зняволенымі, дадаюць спакою кіраўніцтву ўстановы.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Міхаілу Жамчужнаму можна дасылаць лісты па адрасе:

213410, Магілёўская вобласць,

 г.Горкі, вул. Дабралюбава 16,

ПК-9.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аксана Новікава
  • Юрый Хадыка
  • Барыс Гарэцкі
  • Зьміцер Буланаў
  • Валеры Шчукін