Ганна Красуліна: Улады адмыслова хочуць выкінуць мяне з Беларусі

Прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна пракаментавала сайту palitviazni.info заяву міністра ўнутраных спраў пра яе справу, а таксама распавяла пра абскарджванне рашэння аб высылцы з краіны.

“Для мяне зараз стала яшчэ больш відавочна, што ўлады адмыслова хочуць выкінуць мяне з Беларусі, – кажа суразмоўца. – Гэта цалкам палітычная справа”.

Нагадаем, што Ганна Красуліна нарадзілася ў Расіі і мае расійскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства.

13 лістапада яна даведалася ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Мінска пра высылку ў Расію. Прычынай для дэпартацыі сталі быццам бы тры адміністрацыйныя правапарушэнні: за дзве несанкцыянаваныя акцыі і неаплочаны праезд у грамадскім транспарце. Гэта з’явілася падставай для прыняцця ў адносінах да Красулінай рашэння пра высылку «у інтарэсах грамадскага парадку».

Яны абавязана была з’ехаць з Беларусі да 30 лістапада, але абскардзіла рашэнне раённай інстанцыі. Зараз яе заява знаходзіцца на разглядзе, сама Ганна лічыць сваю высылку палітычна матываваным.

Тым часам, 6 снежня кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч пракаментаваў журналістам “справу Красулінай” так: “Я хачу сказаць, што замежны грамадзянін, які знаходзіцца ў нас, павінен выконваць і паважаць нашы законы, і для мяне, па вялікім рахунку, не мае значэнне ў такім выпадку ні колькасць, ні якасць здзейсненых правапарушэнняў… Калі гэта незаконна, то пераследуецца суадносным чынам”.

– Вельмі здзіўлена заявай міністра ўнутраных спраў, – кажа Ганна Красуліна. – Няма чаго і дадаць, калі чалавек на такой пасадзе заяўляе, што для яго “не мае значэнне ні колькасць, ні якасць здзейсненых правапарушэнняў”. Суперпрафесійная ацэнка сітуацыі, у якой я апынулася! Для мяне пасля гэтага стала яшчэ больш відавочна, што ўлады адмыслова хочуць выкінуць мяне з краіны, і гэта цалкам палітычная справа.

– Але Ігар Шуневіч рабіў акцэнт на тым, што вы парушылі закон…

– А чаму не быў зроблены акцэнт на саміх правапарушэннях, якія мне прыпісалі? Дарэчы, абодва адмінстрацыйныя правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях зараз знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. У заяве, якую падала ў гэты камітэт, якраз і сцвярджаецца, што гэта ў першую чаргу я абараняю нормы Канстытуцыі, а не праваахоўнікі. І спадзяюся, што Камітэт па правах чалавека падтрымае маю пазіцыю ў праве чалавека на мірныя сходы.

За што мне далі першае адміністратыўнае спагнанне? За тое, што знаходзілася ў пікеце па зборы подпісаў падчас выбарчай кампаніі. Нават па законах сёняшняй улады мне нельга было прыпісваць парушэнне закона. У нас жа збор подпісаў дазволены падчас выбарчай кампаніі ў любы час. І збіралі подпісы прадстаўнікі з афіцыйна зарэгістраванай ініцыятыўнай групы кандыдата.

Так, падчас пікета мы ўзгадвалі пра зніклага генерала Захаранку, але, як мне падаецца, кожны мае права даваць людзям тую інфармацыю, якую палічыць патрэбнай. І нічога супрацьзаконнага ў гэтым не было. Наша партыя заўсёды кажа пра тое, каб вярнуць Беларусь на шлях дэмакратычнага развіцця, калі кожны грамадзянін будзе абаронены ад беззаконня ўлады. Вось пра гэта ішла гаворка з нашым выбарцам, а мяне за гэта аштрафавалі. Відаць, тэма размовы не спадабалася, а таму мне і прыпісалі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. І за гэта збіраюцца выкінуць з краіны!

– Калі будзе разгледжаны ваш зварот у Камітэт па правах чалавека ААН?

– Дакладна невядома, але не выключаю, што ў такім выпадку, як мой, ідзе паскораны разгляд скаргі. І калі камітэт падтрымае мяне, то атрымаецца, што мяне вышлюць з Беларусі за штраф у гарадскім транспарце? Гэта будзе поўны абсурд!

І калі нехта кажа, што пры гэтым церпіць не імідж краіны, а таго, хто парушае закон, той памыляецца. Абсалютна відавочна, што менавіта такія рэчы і псуюць гэты самы імідж. Пачакаем, што з гэтай нагоды Міністэрства замежных спраў затым будзе рассказваць заходнім калегам. Думаю, МЗС гэтая сітуацыя абсалютна не патрэбна.

– Калі суд будзе разглядаць ваша абскарджванне?

– Не выключана, што яго могуць прызначыць альбо вельмі хутка, альбо бліжэй да каталіцкіх Калядаў, калі заходнія дыпламаты адправяцца на адпачынак. Мяркую, што выберуць такі час, каб працэс прайшоў пры мінімальнай увазе з боку беларускай і міжнароднай грамадскасці.

Але ў любым выпадку пасля гэтага я маю права яшчэ падаць касацыйную скаргу, таму нейкая адтэрміноўка будзе.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Марцалеў
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Зьміцер Бандарэнка
  • Арцём Пракапенка