Андрэй Пачобут: Улады блефуюць, у суд ніхто не збіраецца…

Вядомы журналіст Андрэй Пачобут, які ў свой час таксама трапляў пад палітычны пераслед за сваю прафесійную дзейнасць, выказаў уласнае меркаванне па “справе БЕЛТА”.

“Працэс Золатавай азначае іміджавыя страты для групы таварышаў, якім Аляксандр Лукашэнка даручыў адбельваць свой імідж на Захадзе. Па выніках працэса ім скажуць: “Несур’ёзныя вы аказаліся. Так добра і душэўна рассказвалі, а, тым часам, ізноў гучны палітычны працэс і скандал”, – кажа Андрэй Пачобут.

Нагадаем, што 30 лістапада галоўнаму рэдактару партала Tut.by Марыне Золатавай адмовілі ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу па «справе БелТА».

Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачванай па «справе БелТА». Галоўнага рэдактара Tut.by абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкулу — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Усе астатнія 14 супрацоўнікаў розных СМІ раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць страту.

“Справа БЕЛТА”, якая прагназуема звузілася да галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай, выйшла на фінішную прамую, – напісаў Андрэй Пачобут на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Насамрэч пакуль што не факт, што яны ўсё-такі вырашаць ісці з гэтым у суд. Бо гэта – праблемы.

Не такія вялікія, як падаецца сябрам і паплечнікам Золатавай – краінай-вырадкам з-за аднаго нават уплывовага партала альбо яго галоўнага рэдактара Беларусь не стане. Зараз іншы падыход да Мінска – геапалітычны. Дэмакратыя, свабода слова і іншыя пытанні каштоўнасцей адыйшлі на задні план”.

У той жа час Андрэй Пачобут лічыць, што крымінальны працэс над адным з вядучых СМІ – гэта сур’ёзныя іміджавыя страты.

“Іміджавыя страты нават не для Беларусі, – працягвае журналіст. – Тут даўно ніякіх ілюзій няма. Ніхто не верыць, што беларускі афіцыёз раптам стаў траваядным. Вераць зараз у іншае. Напрыклад, у тое, што для Лукашэнкі наладжванне стасункаў з Захадам настолькі важнае, што ён гатовы абмежаваць свае апетыты і больш паважліва падыходзіць да пачуццяў і каштоўнасцей заходніх партнёраў.

Па меншай меры, прыблізна такую думку даносяць да заходніх дыпламатаў і заходніх мазгавых цэнтраў спецыяльна навучаныя беларускія людзі.

А працэс Золатавай азначае іміджавыя страты для групы таварышаў, якім Аляксандр Лукашэнка даручыў адбельваць свой імідж на Захадзе. Па выніках працэса ім скажуць: “Несур’ёзныя вы аказаліся. Так добра і душэўна рассказвалі, а, тым часам, ізноў гучны палітычны працэс і скандал. І тыя, хто на Захадзе “разумее Лукашэнка”, у чарговы раз выглядаюць поўнымі ідыётамі. А выглядаць ідыётам ніхто не любіць”.

Андрэй Пачобут мяркуе, што ў такім выпадку тая гульня, якую афіцыйны Мінск вось ужо некалькі гадоў вядзе з Захадам, забуксуе.

“Не канчаткова, але забуксуе, – дадае ён. – Ці гатовы Лукашэнка да гэтай прабуксоўкі? Ці варты, па меркаванні ўладаў, лёс ТУТ.BY гэтай прабуксоўкі? Адказа я пакуль не ведаю. Таму мне вельмі хочацца верыць, што ў фінале “справы БЕЛТА” можа быць банальная “гульня ў глядзелкі”. Улады блефуюць. І ў суд ніхто не збіраецца. Хаця гэта, натуральна, не адмяняе старой арыштанцкай мудрасці: трэба верыць у лепшае, а спадзявацца на горшае”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні