Чым закончыцца суд над Зміцерам Паліенкам?

6 снежня былога палітвязня Зміцера Паліенку ізноў будуць судзіць у судзе Заводскага раёна Мінска.

“Думаю, усё-такі выпішуць штраф. Хаця на лекцыі ўсё роўна хадзіць не збіраюся”, – распавёў Зміцер сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што актывіст выйшаў на волю крыху больш за месяц таму і павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання. Некалькі разоў хлопец наведаўся на лецыі, а затым адмовіўся гэта рабіць.

Акрамя таго, Паліенка напісаў зварот у пракуратуру і зараз чакае адказ. У лісце ён указаў, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя, маўляў, ніхто не мае права прымушаць яго да працы. Штодзённыя выклікі на лекцыі – гэта таксама неабгрунтаваны кантроль і парушэнне правоў і свабод.

“Калі мяне прывезлі ў гарадскі аддзел міліцыі, нечаканасцю гэта не было, – кажа Зміцер. – Некалькі дзён шукалі па розных адрасах, каб скласці пратаколы, і, у рэшце рэшт, знайшлі. Склалі пратаколы па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі) і адпусцілі, хаця спачатку быў у іх намер мяне затрымаць, бо забралі ўсе рэчы і пасадзілі ў клетку. Але затым рэзка перадумалі”.

Зміцер кажа, што суд можа прыняць рашэнне альбо аштрафаваць яго, альбо накіраваць на “суткі”.

“Думаю, усё-такі выпішуць штраф, – дадае суразмоўца. – Хаця на лекцыі ўсё роўна хадзіць не збіраюся, складзеныя пратаколы мяне не спыняць. Тым больш, што пакуль яшчэ пракуратура не дала прававую ацэнку дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Я ім пра гэта так і сказаў”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Корсак
  • Віталь Мацукевіч
  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Анатоль Букас
  • Аляксандар Квяткевіч