У экс-палітвязня Зміцера Паліенкі пачаліся праблемы з міліцыяй

Актывіст выйшаў на волю месяц таму і павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання, аднак адмовіўся іх наведваць.

“Ужо тры разы да мяне прыходзілі праваахоўнікі, – распавёў Зміцер Паліенка сайту palitviazni.info. Але, лічу, ніхто не можа схіляць мяне да працы, а штодзённыя лекцыі ў РУУС – гэта неабгрунтаваны кантроль. З гэтай нагоды я ўжо звярнуўся ў пракуратуру і зараз чакаю адказ…”

Нагадаем, што былы палітвязень Зміцер Паліенка выйшаў на волю 24 кастрычніка гэтага году. Пасля гэтага яму паведамілі: пакуль не знойдзе сабе афіцыйную працу, абавязаны штодзень (акрамя выходных і панядзелка) хадзіць у РУУС Заводскага раёна і з 17.00 да 18.00 слухаць лекцыі аб працаўладкаванні.

Са слоў былога палітвязня на лекцыі ён прынцыпова перастаў хадзіць пасля трох такіх наведванняў РУУС. Ніякіх лекцый наогул не было, людзі проста сядзелі ў актавай зале. І зараз, відаць, з гэтай нагоды пачаўся ціск на Змітра з боку праваахоўнікаў.

“Трэці дзень запар міліцыя спрабуе патрапіць у дом, – кажа Зміцер Паліенка. – Напэўна, хочуць, каб даў тлумачэнні, чаму перастаў хадзіць на лекцыі ў РУУС. Могуць выпісаць штраф альбо скласці пратакол па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі). Але падстройвацца пад тых, хто збіраецца мяне трымаць на кароткім павадку, я не буду”.

Актывіст дадае, што раіўся з тымі, хто выйшаў на волю, і яны ўпершыню чулі, што пасля вызвалення трэба хадзіць на нейкія лекцыі ў міліцыю.

“Ім ніякія лекцыі нават не прапаноўвалі, таму відавочна, што гэта вырашылі ўзяць мяне на кантроль, – распавядае Зміцер. – Тыя, хто наведвае лекцыі, знаходзяцца пад наглядам. А ў мяне нагляду няма. Пасля вызвалення я проста стаў на ўлік, для пагашэння судзімасці. Зараз у мяне паўстаў выбар: хадзіць штодзень на лекцыі альбо афіцыйна працаўладкоўвацца? Прынцыпова не хачу рабіць ні тое, ні тое. У мяне шмат нясплочаных штрафаў за грамадскую дзейнасць, таму, калі ўладкуюся на працу, палова заробку будзе адыходзіць дзяржаве. Чаму я павінен даваць грошы тым, хто мяне кінуў за краты? Ды і ў любым выпадку, думаю, што рана ці позна, але ўзнікнуць праблемы з працадаўцам з-за маёй сацыяльна-палітычнай дзейнасці”.

Зміцер паведаміў таксама, што з дапамогай праваабаронцаў з “Вясны” ён напісаў ліст у пракуратуру і зараз чакае адказ.

“У лісце я ўказаў, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя, – кажа суразмоўца. – Ніхто не мае права прымушаць мяне да працы. Штодзённыя выклікі на лекцыі – гэта таксама неабгрунтаваны кантроль і парушэнне маіх правоў і свабод. Таму пачакаю, што адкажа пракуратура”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Леванеўскі
  • Аляксандар Францкевіч
  • Юрый Рубцоў