Генадзь Фядыніч: Хутчэй за ўсё, выконваць абавязкі старшыні прафсаюза РЭП будзе Зінаіда Міхнюк

22 лістапада адбудзецца пашыранае пасяджэнне Савета прафсаюза РЭП, падчас якога будзе вырашана, хто будзе зараз кіраваць арганізацыяй. Нагадаем, што па рашэнні суда дзеючаму старшыні прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу забаронена займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

“Я пакідаю пасаду, іншага выйсця ў мяне няма”, – распавёў сайту palitviazni.info Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што 9 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызначылі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу. Пры гэтым Фядынічу і Комліку забаронена займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

“Фармальна абмежаванні ў дачыненні да нас пачалі дзейнічаць з моманту непрыняцця апеляцыі, але дакументы павінны спачатку пераслаць у Савецкі суд, а адтуль паступіць у орган выканання пакаранняў, – кажа Генадзь Фядыніч.У бліжэйшыя дні якраз і чакаем, што выклічуць на размову з гэтай нагоды. Мабыць, паведамяць, што нам забараняецца, дадзім нейкія падпіскі аб выкананні пэўных правіл: графік працы, умовы знаходжання ў выхадныя дні па месцы жыхарства. Думаю, праблема будзе нават з выездам за межы горада. Трэба будзе браць адмысловы дазвол, адзначацца ў Мінску і там, куды прыехаў. А могуць і наогул не дазволіць ехаць у камандзіроўку. Шчыра кажучы, не ведаю, як мы ўсё гэта будзем выконваць”.

Фядынічу і Комліку забаронена займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год, таму ў арганізацыі плануецца змена лідараў.

“22 лістапада адбудзецца пашыранае пасяджэнне Савета прафсаюза РЭП, а паміж з’ездамі толькі савет можа браць на сябе адказнасць у прыняцці рашэнняў, – паведаміў Генадзь Фядыніч. – Там і будзе вырашана пытанне, хто будзе зараз кіраваць прафсаюзам. У мяне няма іншага выйсця, я не магу, згодна з рашэннем суда, займаць кіруючыя пасады. Калі застануся старшынёй, то ўлады могуць ужыць санкцыі і да прафсаюза. Таму зараз, хутчэй за ўсё, Зінаіда Міхнюк будзе выконваць абавязкі старшыні прафсаюза. Да гэтага часу яна была маім намеснікам і кіраўніком прафсаюза РЭП у Брэсцкай вобласці.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Волчак
  • Арцём Грыбкоў
  • Міхаіл Жамчужны
  • Яраслаў Грышчэня