Чаму следчыя не вяртаюць прафсаюзным лідарам тэхніку?

 Па “справе прафсаюзаў” ужо вынеслі рашэнні раённы і Мінскі гарадскі суд, а камп’ютарную тэхніку, якую забралі падчас вобшуку яшчэ ў жніўні мінулага году, следчыя па-ранейшаму не вяртаюць.

“Гэта выглядае як здзек над здаровым сэнсам”, – заявіў сайту palitviazni.info адзін з фігурантаў справы Ігар Комлік.

 

Нагадаем, што 9 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызначылі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год. У скарзе лідары прафсаюза прасілі спыніць гэтую крымінальную справу, але Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

“Камп’ютарную тэхніку следчыя нам да гэтага часу не вярнулі, нягледзячы на тое, што справу раглядзелі ўжо дзве судовыя інстанцыі і прайшло больш за год з таго часу, як камп’ютары забралі, – адзначае Ігар Комлік. – Але ў нашай краіне магчыма ўсялякае. Напрыклад, справа “Белага легіёна” наогул не дайшла да суда, а людзям вярнулі тэхніку толькі практычна праз год”.

Са слоў Ігара Комліка, яны звярталіся з неаднаразовымі просьбамі вярнуць тэхніку, але следчыя казалі, што, маўляў, яна ім пакуль самім патрэбна.

“ Для чаго? Нікому невядома, – кажа Ігар Комлік. – Гэта выглядае як здзек над здаровым сэнсам. Усім зразумела, што гэтая тэхніка недзе пыліцца на складзе, але не аддаюць прынцыпова. І невядома, у якім стане вярнуць яе. Неяк у нашым прафсаюзе ўжо быў вобшук, і тады таксама забралі тэхніку. Дык вось аддалі яе ў абсалютна непрацоўным стане. Адмыслова спалілі ўсе платы, таму камп’ютары пераўтварыліся ў металалом. Робяць усё, каб нам было больш складана працаваць”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Шарамет
  • Кацярына Салаўёва
  • Алесь Бяляцкі