Генадзь Фядыніч: Калі рашэнне не адменяць, то справа на гэтым не скончыцца

9 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд апеляцыйных скаргаў лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

“Тысячу разоў ужо казаў і зараз паўтараю: гэта на 100 працэнтаў палітычна матываваная справа, – распавёў сайту palitviazni.info Генадзь Фядыніч. – Таму, на жаль, ад суддзяў тут практычна нічога не залежыць…”

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджваюць прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызначылі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год. У скарзе лідары прафсаюза просяць спыніць гэтую крымінальную справу.

“Тысячу разоў ужо казаў і зараз паўтараю: гэта на 100 працэнтаў палітычна матываваная справа, – кажа Генадзь Фядыніч. – Таму, на жаль, ад суддзяў тут практычна нічога не залежыць. Але якім бы ні было рашэнне Мінскага гарадскога суда, справа на гэтым не скончыцца. Мы пройдзем усе інстанцыі па абскарджванні рашэння і ў Беларусі, і за яе межамі”.

Калі рашэнне суда ўступіць у сілу, то ў дачыненні да актывістаў пачне дзейнічаць шмат абмежаванняў, хаця лідар прафсаюза РЭП кажа, што не збіраецца іх усе вытрымліваць.

“Адразу заяўляю: калі ўлада прадпіша мне, куды хадзіць і што рабіць, то выконваць гэта не буду, – адзначае Генадзь Фядыніч. – Я добра ведаю, як фабрыкавалася гэтая справа. Узялі нейкую невядомую паштовую скрыню і на падставе невядомых лістоў з гэтай скрыні вынеслі прысуд. Большага абсурда не прыдумаеш! Дзе ж ваша доказная база? Калі Беларусь хоча быць не толькі геаграфічна ў цэнтры Еўропы, то яна павінна выконваць міжнародныя канвенцыі, якія падпісала. Калі ты хочаш быць роўным сярод роўных, то выконвай міжнародныя правілы. Веру, што калі-небудзь Беларусь да гэтага прыйдзе”.

Генадзь Фядыніч дадае, што ў любым выпадку ён працягне заставацца лідарам у прафсаюзе.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кастусь Лукашоў
  • Мікалай Дзядок
  • Уладзімер Лыско
  • Аляксей Бондар